Журналіст абскарджвае нядопуск на пасяджэнне Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў
Адпаведную скаргу на дзеянні службовых асоб падаў у Магілёўскі абласны суд журналіст інфармацыйнай кампаніі навін БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч.
Ён хоча, каб суд прызнаў незаконнымі дзеянні старшыні Магілёўскага аблсавета спадара Ісачанкі і спецыяліста Магілёўскага аблсавета спадара Нальгачава, якія недапусцілі яго ў якасці журналіста на пасяджэнне Магілёўскага аблсавета. Акрамя таго Уладзімір Лапцэвіч хоча, каб гэтых асоб абавязалі не перашкаджаць яму ў далейшым наведванні адкрытых пасяджэнняў аблсавета.
Журналіст адзначае, што напрацягу некалькіх апошніх гадоў асвятляў найбольш важныя падзеі з эканамічнай, сацыяльнай і іншых сфер жыцця вобласці, у тым ліку з сесій Магілёўскага аблсавета дэпутатаў і не меў ніякіх прэтэнзій з боку як чыноўнікаў, так і дэпутацкага корпусу.Аднак па невядомых яму прычынах са студзеня бягучага года яму пачалі адмаўляць у допуску на сесіі аблсавета.
19 лістапада Лапцэвіч звярнуўся да старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў спадара Ісачанкі, які на асабістым прыёме заявіў, што ён нікому нічога не забараняе наведваць, а не пускаюць журналіста на сесіі дэпутатаў, бо яго няма ў спісах запрошанх. Як патрапіць у гэты спіс, Ісачанка Лапцэвічу патлумачыць не здолеў.
24 лістапада журналіст зноўку паспрабаваў патрапіць на сесію аблсавета, аднак яго туды зноўку не пусцілі. На гэты раз дарогу яму перагарадзіў галоўны спецыяліст Магілёўскага аблвыканкама спадар Нальгачаў.
Лапцэвіч у сувязі з інцыдэнтам напісаў свае заўвагі ў кнігу скаргаў і прапаноў Магілёўскага аблсавета, аднак у гэтым спадар Ісачанка зноўку не ўгледзеў нейкага парушэння. Напрыканцы старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў у выпадку нязгоды з адказам параіў журналісту звярнуцца ў суд, што і зрабіў Уладзімір Лапцэвіч.