Лукашэнка падпісаў антынаркатычны Дэкрэт
Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў дэкрэт «Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». Дэкрэт набывае моц 1 студзеня 2015 года.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дэкрэт накіраваны на забеспячэнне абароны жыцця і здароўя беларускіх грамадзян, стварэнне ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфічнай бяспекі і здароўя нацыі. Для дасягнення гэтых мэтаў уводзіцца комплекс неадкладных мер па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў.
Агульныя намаганні і дадатковыя паўнамоцтвы
Прадугледжваецца максімальная актывізацыя намаганняў дзяржорганаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын, грамадскіх аб'яднанняў і іншых арганізацый.
Урад зацвердзіць комплексны план мерапрыемстваў, які ўтрымлівае эфектыўныя меры па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання і сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію. Пры гэтым урад будзе абавязаны не менш чым адзін раз на год у мэтах эфектыўнага процідзеяння новым формам і метадам распаўсюджвання наркотыкаў разглядаць стан працы ў названай сферы на пасяджэннях прэзідыума Савета Міністраў з наступным інфармаваннем аб выніках прэзідэнта Беларусі.
Прадугледжаны таксама дадаковыя паўнамоцтвы МУС па каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў.
Да 25 гадоў пазбаўлення волі
Узмацняецца крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, павялічваецца максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарвальных прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, або адносна асабліва небяспечных наркотыкаў, або ў буйным памеры, або на тэрыторыі ўстановы адукацыі), — з 13 да 15 гадоў; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму — з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, — з 15 да 20 гадоў, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах — з 8 да 20 гадоў.
Уводзіцца крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў (цягне пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў); незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды (цягне пазбаўленне волі на тэрмін да 12 гадоў); паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення, або знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап'янення (цягне максімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады).
Зніжаецца ўзрост наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.
Вінаватых пакараюць і рублём
Узмацняюцца меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя са спажываннем наркотыкаў. Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай мер па недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, ігральных установах спажывання наркотыкаў або іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў аб выяўленых фактах учынення такіх дзеянняў (штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь).
Павялічваюцца максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап'янення (з 10 да 12 базавых велічынь); спажыванне наркотыкаў без прызначэння ўрача ў грамадскім месцы (з 8 да 15 базавых велічынь).
Перашкода на шляху «спайсаў»
Замацоўваюцца палажэнні, якія дазваляюць аператыўна забарянць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесей, «спайсаў») і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. Прадугледжваецца ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дазваляе адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрашчаецца працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у Беларусі.
Кантроль у Інтэрнэце
У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем інтэрнэта замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія ўтрымліваюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Рашэнні аб такім абмежаванні прымаюцца Мінінфармам на падставе пісьмовых паведамленняў МУС і з'яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Беларусі.
У мэтах павышэння эфектыўнасці прафілактычных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку ў інтэрнэце, своечасовага выяўлення асоб, занятых у незаконным абароце наркотыкаў, Дэкрэтам ускладаюцца абавязкі на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аналізаваць змест іх інтэрнэт-рэсурсаў, не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюджвання матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў, а таксама інфармаваць органы ўнутраных спраў аб спробах распаўсюджвання такіх матэрыялаў.
Таксама ўскладаюцца абавязкі на пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг з 1 студзеня 2016 года фарміраванне і захоўванне актуальных звестак аб інтэрнэт-рэсурсах, якія наведваюць карыстальнікі інтэрнэт-паслуг, у парадку, які вызначаецца Мінсувязі.
Адзіная сістэма ўліку наркаманаў
З 1 сакавіка 2015 года ствараецца Адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.
Абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, створаных у электронных плацежных сістэмах, дзейных на тэрыторыі Беларусі (незалежна ад памераў сум электронных грошай, якія лічацца ў такіх электронных кашальках).
Ізаляцыя «наркабаронаў»
Ураду прадпісваецца прыняць меры па стварэнні асобных папраўчых устаноў для асоб, асуджаных за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў; арганізацыі спецыялізаваных лячэбна-працоўных прафілакторыяў для хворых на наркаманію або таксікаманію, а таксама па стварэнні профільных лячэбна-выхаваўчых устаноў, якія забяпечваюць комплексную рэабілітацыю непаўналетніх, якія стаяць на наркалагічным уліку.