Суд над кнігарняй «Логвінаў» пачнецца 5 студзеня
Суд над кнігарняй «Логвінаў» пройдзе 5 студзеня ў Эканамічным судзе (Мінск, вул.Акадэмічная 15, корпус 1). Пачатак а 15-00, паведамляецца на старонцы кнігарні ў Facebook.
Як пісалася раней, культавы інтэлектуальны адрас беларускай сталіцы апынуўся пад пагрозай знікнення. Пазапланавая падатковая праверка прыйшла ў кнігарню «логвінаЎ» у пачатку снежня. Памяшканне апячаталі, а дакументацыю ўзялі на вывучэнне. Па выніках праверкі кнігарню распячаталі. Але вынеслі суровае пакаранне за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.
Па выніках праверкі кнігарню аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў – такой была сума продажаў кніг за год. Спаганяць гэтыя грошы будуць праз суд.
Уласнік кнігарні Ігар Логвінаў адзначыў, што за год ён восем разоў звяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі. Адна з адмоў была звязана з тым, што быў няправільна ўказаны паштовы індэкс.
Кнігарня з’яўляецца месцам шматлікіх кніжных прэзентацый і гранічна значнай для нацыянальнай культуры і літаратуры прасторай.