viasna on patreon

Экспертнае заключэнне па справе гомельскага грамадскага актывіста Юрыя Рубцова

2014 2014-12-23T16:04:00+0300 2014-12-23T16:19:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rubcou-juryj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Рубцоў

Юрый Рубцоў

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

Мінск, 23 снежня 2014 г.

21 снежня 2014 г. стала вядома аб накіраванні гомельскага грамадскага актывіста Юрыя Рубцова ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ў в. Куплін у Брэсцкай вобласці.

Нагадаем, што 6 кастрычніка 2014 г. Юры Рубцоў быў асуджаны прысудам суда Цэнтральнага р-на г. Мінска па арт. 391 КК Рэспублікі Беларусь (абраза суддзі) да абмежавання волі тэрмінам на паўтары гады.

Падставай для крымінальнага пераследу Юрыя Рубцова стала ягонае затрыманне міліцыяй 28 красавіка 2014 г. падчас удзелу у санкцыянаваным Мінгарвыканкамам традыцыйным штогадовым мірным сходзе апазіцыйных сілаў “Чарнобыльскі шлях”. Нагодай для затрымання Юрыя Рубцова стала тое, што падчас удзелу ў шэсці ён быў апрануты ў майку з надпісам “Лукашэнка зыходзь!”. Пасля затрымання ў дачыненні да яго былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўных парушэннях паводле арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях і пазней ён быў прыцягнуты да арышту на 25 сутак паводле пастановы суддзі суда Савецкага р-на г. Мінска Кірыла Палулеха.

Па ацэнках праваабарончых арганізацый дадзенае затрыманне насіла адвольны характар і парушала правы Юрыя Рубцова на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання. Трэба адзначыць, што практыка адвольных затрыманняў грамадска-палітычных актывістаў па ілжывых абвінавачваннях у “нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкіх месцах” і “непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі” носіць у Беларусі сістэмны характар, асабліва напярэдадні значных палітычных падзеяў. Так, напярэдадні правядзення Чэмпіяната свету па хакеі ў Мінску па дадзеных Правабарончага цэнтру “Вясна” адвольным затрыманням і арыштам былі падвергнутыя 38 актывістаў, некаторыя з іх некалькі разоў запар, у тым ліку і Юры Рубцоў.

Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем падчас судовага разбіральніцтва адміністратыўнай справы Юры Рубцоў дапусціў абразлівыя выказванні ў адрас суддзі Кірылы Палулеха, які разглядаў гэтую справу. Пры гэтым у суд Юры Рубцоў быў дастаўлены аголены па пояс, у выглядзе, які абражаў ягоную чалавечую годнасць і гонар. Паводле слоў самога Рубцова суддзя не прыняў ніякіх мер, скіраваных на абарону ягоных законных правоў і ніяк не адрэагаваў на гэтую акалічнасць, а таксама на ягоную просьбу выдаць яму акуляры для азнаямлення з матэрыяламі справы. Разгляд справы суддзя Палулех праводзіў не ў зале судовых паседжанняў, а ў сваім працоўным кабінеце, папярэдне выдаліўшы прадстаўніка грамадскасці Вольгу Мікалайчык. Такія дзеянні суддзі відавочна супярэчылі Кодэксу Рэспублікі Беларусь “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў”, а таксама Кодэксу гонару суддзі Рэспублікі Беларусь.

У сувязі з грубым парушэннем сваіх правоў Рубцоў выказаў незадаволенасць і пратэст, назваўшы такія судовыя працэсы “судзілішчам” , а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэнні, – “падонкамі”. Аднак паводле пратакола судовага паседжання дадзеныя словы былі інтэрпрэтаваныя як выказванні, скіраваныя персанальна ў адрас суддзі Палулеха. Заўвагі на пратакол судовага паседжання, накіраваныя ў суд Савецкага р-на г. Мінска Юрыем Рубцовым з дапамогай ягонага адваката пасля азнаямлення з матэрыяламі справы, былі адхіленыя самім жа суддзём Палулехам як “неабгрунтаваныя”.

У аснову вынесенага судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прысуду былі пакладзеныя выключна паказанні заведама зацікаўленых асоб – супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку тых, якія “сведчылі” на працэсе 28 красавіка 2014 г.), сакратара судовага паседжання і пацярпелага суддзі К. Палулеха.

Трэба адзначыць, што ні падчас папярэдняга следства, ні падчас судовага разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска так і не быў дапытаны ў якасці сведкі адвакат Юрыя Рубцова, які ўдзельнічаў падчас разгляду адміністратыўнай справы 28 красавіка 2014 г. у якасці ягонага абаронцы. Ніякіх працэсуальных перашкодаў да допыту адваката ў якасці сведкі згодна з дзеючым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не было. Згодна з арт. 18 КПК Рэспублікі Беларусь орган крымінальнага пераследу абавязаны прыняць усе прадугледжаныя законам меры па ўсеагульнаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследванню абставінаў крымінальнай справы, сабраць доказы, як выкрываючыя, так і апраўдваючыя абвінавачванага, устанавіць абставіны, якія маюць значэнне для правільнага разгляду справы, абароны правоў і законных інтарэсаў асобаў, якія удзельнічаюць у крымінальнай справе.

Дадзеныя акалічнасці, па нашаму меркаванню, сведчаць аб тым, што следства і судовы працэс па справе з самага пачатку насілі абвінаваўчы ухіл, органы следства і суд не прынялі мераў для ўсебаковага і усестаронняга разгляду справы, што, ў сваю чаргу, з’яўляецца адным з неабходных складнікаў справядлівага судовага разбіральніцтва.

Вышэйпералічаныя акалічнасці справы, а таксама ўмовы ўтрымання Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу, даюць падставы разглядаць Юрыя Рубцова як палітычнага зняволенага. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства