viasna on patreon

Кіраўнікі ГА “БАЖ” каментуюць прыняцце паправак у закон “Аб СМІ”

2014 2014-12-18T15:10:28+0300 2014-12-18T15:10:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baj.jpg

ГА “БАЖ” не мела доступу да тэкста дакумента ні на стадыі яго абмеркавання, ні пасля ўхвалення. 17 снежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў закон “Аб СМІ”. Меркаваць пра змест паправак можна толькі зыходзячы з дакладу, які агучыла 17 снежня міністр інфармацыі Лілія Ананіч.  На просьбу прэс-службы ГА “БАЖ” старшыня арганізацыі Жанна Літвіна і намеснік старшыні, юрыст Андрэй Бастунец падзяліліся ўражаннямі ад пачутага.

Андрэй Бастунец: Усе змены накіраваныя на ўзмацненне дзяржаўнага кантролю інфармацыйнай сферы

А.Б.: Па той інфармацыі, якую мы зараз маем, папраўкі ў закон “Аб СМІ” можна падзяліць на тры асноўныя блокі.

Першы – гэта змяншэнне “замежнай” долі ў статутным фондзе рэдакцый СМІ. Сёння дзейнічае абмежаванне ў 30 працэнтаў, цяпер яно будзе зменшана да 20. Я не бачу вялікага сэнсу ў гэтай норме, паколькі асноўных “гульцоў” на рынку СМІ гэта, відавочна, не закране. Я маю на ўвазе беларускія СМІ з расійскім капіталам. Абмежавальная норма, унесеная ў закон у 2008 годзе, не распаўсюджвалася на рэдакцыі, зарэгістраваныя да прыняцця гэтага закона. Не думаю, што цяпер сітуацыя зменіцца.  

Другое – гэта ўвядзенне “дзяржаўных рэестраў распаўсюднікаў прадукцыі друкаваных, радыёвяшчальных і тэлевізійных СМІ”. На сёння былі ўведзеныя такія рэестры кнігавыдаўцоў і распаўсюднікаў кніжнай прадукцыі. І ў прынцыпе гэтыя рэестры сталі падставай для ціску – напрыклад, на кнігарню “Логвінаў”, чые спробы трапіць у рэестр аказаліся безвыніковымі. Цяпер у іх збіраюцца забраць усю выручку, атрыманую за год. То бок, існуе верагоднасць злоўжывання гэтым палажэннем з боку Мінінфармацыі. Але для мяне вялікае пытанне – што будзе з распаўсюднікамі прадукцыі незарэгістраваных СМІ? Ці ёсць шанец трапіць у рэестр у тых грамадзян, якія займаюцца самвыдатам, самі ж распаўсюджваюць яе і не з’яўляюцца суб’ектамі гаспадарання? Ці трэба ім гэта рабіць?

Трэці “блок” прыцягнуў найбольшую ўвагу, бо тычыцца інтэрнэт-СМІ. Ад рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ Мінінфармацыі пакуль адмовілася, але нормы закона “Аб СМІ” на іх будуць распаўсюджвацца. Толькі вось незразумела, будзе гэта тычыцца толькі тых рэсурсаў, якія знаходзяцца ў беларускім сегменце інтэрнэта, альбо санкцыі Мінінфарма могуць распаўюджвацца і на іншыя рэсурсы? Да такіх санкцый адносіцца, па-першае, магчымасць спынення доступу да інтэрнэт-рэсурсаў пасля вынясення на яго адрас двух і больш папярэджанняў цягам года. Парадак такога абмежавання будзе распрацаваны Мінінфармацыі і Мінсувязі. Тобок, гэтая норма падобная да той, што дзейнічае ў дачыненні да друкаваных СМІ, толькі тут дзейнічае рашэнне ўжо не суда, а Мінінфармацыі.

Акрамя таго, міністр інфармацыі згадвала прадпісанне Мінінфармацыі наконт выдалення той ці іншай інфармацыі ці каментароў з сайтаў, якія павінныя іх выканаць. А калі не будуць выконваць, то можа быць папярэджанне...

Ацаніць усе наступствы прыняцця паправак у закон “Аб СМІ” можна будзе пасля прынцяцця шэрагу падзаконных актаў.

Але ўжо сёння можна сказаць, што ўсе змены накіраваныя на ўзмацненне дзяржаўнага кантролю інфармацыйнай сферы. Цяпер ён тычыцца і распаўсюднікаў СМІ, і інтэрнэт-рэсурсаў.

Жанна Літвіна: Рашэнне пра тэрміновае ўнясенне зменаў у закон прымала выканаўчая ўлада

Ж.Л.: Пакуль няма поўнага тэксту дакумента, яго цяжка каментаваць, але з агучанага пэўныя высновы можна зрабіць.  

Напрыклад, маю ўвагу прыцягнула тое, што і іншыя дзяржаўныя органы, а не толькі Мінінфармацыі, маюць права аналізаваць размешчаную ў інтэрнэце інфармацыю і ўносіць свае прапановы. І ўсё гэта можа скончыцца блакаваннем сайта. Гэта азначае, што маштабы адсочвання інфармацыю ў інтэрнэце істотна пашырацца.

Што да прыняцця законапректа парламентам, я разглядала б гэтую падзею ў кантэксце папярэдніх выказванняў кіраўнікоў розных структур: напрыклад, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які ў снежні заявіў пра вострую неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства ў галіне інтэрнэту – у прыватнасці, забароны доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў “абмежаванага доступу”.

Відавочна, што за гэтымі папраўкамі будзе прыняты яшчэ цэлы шэраг дакументаў, падзаконных актаў, і чакаць, што ўсё гэта спросціць абарачэнне інфармацыі ў Беларусі, проста не выпадае.

Адметна, што яшчэ зусім нядаўна, у кастрычніку 2014 г., Камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі пісала ГА "БАЖ", што "ўнясенне карэкціровак у акты заканадаўства Беларусі ў сферы свабоды выказвання меркавання не патрабуецца".

Выснова, якая напрошваецца пасля нашай перапіскі, – дэпутаты не робяць ніякіх самастойных крокаў без узгаднення з выканаўчай уладай. Я, думаю, што і рашэнне пра тэрміновае ўнясенне гэтых зменаў у закон прымалася выканаўчай уладай.

Але самы прынцыповы момант – гэта поўнае ігнараванне ўсіх папярэдніх зваротаў беларускай і міжнароднай журналісцкай супольнасці з заклікам абмяркоўваць любыя змены ў заканадаўства аб СМІ публічна, бо гэта вельмі важная для грамадства тэма.

У прыватнасці, наша арганізацыя год таму звярталася па гэтым пытанні ў Мінінфармацыі і да начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі Усевалада Янчэўскага. Сп. Янчэўскі адказаў, што Мінінфарму даручана вынесці рыхтаваныя змены на абмеркаванне “з удзелам грамадства, зацікаўленых органаў і арганізацый”, а таксама “прыцягнуць да працы... прадстаўнікоў журналісцкіх арганізацый і інтэрнэт-супольнасці”. Мінінфарм запэўніваў, што “ў выпадку пачатку працы над падобным законапраектам... будзе арганізавана шырокае грамадскае абмеркаванне праекта”.   

Таксама незразумела, чаму не ўлічаны экспертны патэнцыял і офіса АБСЕ – столькі было і круглых сталоў, і рэкамендацый. Цяжка сказаць, наколькі яны прысутнічаюць у законапраекце, але складваецца ўражанне, што пра гэта ніхто не ўзгадаў.

Рэфармаванне медыясферы сапраўды наспела. Асабліва з улікам расійска-украінскага канфлікту, у часе якога мы апынуліся безабароннымі перад маніпуляваннем інфармацыяй. Але зробленыя ўладамі захады – гэта, відаць, не тыя крокі, якія выправяць бездапаможны стан інфармацыйнай прасторы краіны, вырашыць пытанні інфармацыйнай бяспекі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства