viasna on patreon

Выдавец газеты “Вольны горад” накіраваў касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд

2014 2014-12-18T13:21:02+0300 2014-12-18T13:21:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-mahiliouski_ablasny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак Магілёўскага абласнога суда

Будынак Магілёўскага абласнога суда

Выдавец крычаўскай незалежднай газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 17 снежня накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 8 снежня па пазову начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.

Выдавец “Вольнага горада” просіць судовую калегію адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна і спыніць вытворчасць па справе, спагнаць з Марыны Максімавай выплачаную ім дзяржпошліну ў памеры 225 000 рублёў, а таксама вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі суда Крычаўскага раёна Алены Азаранка за недастатковы прафесіяналізм.

Уладзімір Кудраўцаў лічыць, што пры прыёме да разгляду і разглядзе пазову Марыны Максімавай ў судзе Крычаўскага раёна былі дапушчаны пэўныя парушэнні, не былі прынятыя да ўвагі і адхілены многія хадайніцтвы журналістаў “Вольнага горада”. Выдавец “Вольнага горада” спадзяецца, што ўсе гэтыя абставіны будуць улічаны судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда, і рашэнне суда Крычаўскага раёна будзе адменена.

Нагадаем, што суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў, і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.

Падставай для падачы пазову стаў размешчаны 14 верасня 2014 года на інтэрнэт-сайце газеты “Вольны горад” артыкул “Не ў сваім крэсле?”, дзе выказвалася меркаванне, што начальнік ідэалагічнага аддзела ў “ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах”. Аналагічны артыкул быў змешчаны таксама і ў друкаваным нумары выдання. У артыкуле журналіст газеты “Вольны горад” Васіль Чуб (псеўданім Мікалая Гердзія) уздымаў тэму замоўчвання ўладамі Крычаўскага раёна і дзяржаўнай раёнкай “Крычаўскае жыццё” інфармацыі пра наступствы абвалу будынку актавай залы і сталовай мясцовай гімназіі, а таксама праблему інфармавання насельніцтва пра захады ўладаў дзеля вырашэння гэтых праблем. Ён пісаў, што прычыны абрынання і праблемы арганізацыі навучальнага працэсу хвалююць большасць насельніцтва Крычаўскага раёна, аднак мясцовыя ўлады чамусьці гэтую тэму абыходзяць увагай.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства