Віцебскага праваабаронцу судзяць за фотасесію
У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска разглядаюць справу праваабаронцы Паўла Левінава. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Так мясцовыя міліцыянты назвалі фотасесію на фоне графіці „з птушкамі і клеткамі”.
Яшчэ да пачатку працэсу Павал Левінаў сказаў нашаму радыё, што не спадзяецца на апраўдальны прысуд, тым больш, што само абвінавачванне лічыць абсурдальным.
- Фатаграфаваннем любы чалавек выказвае нейкія погляды – ці грамадска-палітычныя, ці асабістыя і т.д. Людзі на грамадскім прыпынку таксама стаяць з пэўнай мэтай, выказваюць свае погляды, абурэнне грамадскім транспартам. Тады давайце будзем усіх затрымліваць, саджаць і будаваць не жыллё, а турмы.
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў – сёмая асоба, якую судзяць за гэтую фотасесію. Яе ўдзельнікаў пазналі па фатаздымках, размешчаных у інтэрнэце. Шасцёра журналістаў і актывістаў ужо асуджаныя.