А.Залеўскі: Дзяржава сама ставіць журналістаў у нелегальнае становішча
Папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнне заканадаўства аб СМІ падпісана намеснікам пракурора Мінска Казімірам Кежуном. Падставай для папярэджання стала праца журналіста падчас разгляду справы аб высылцы з Беларусі вядомай праваабаронцы Алены Танкачовай.
Па інфармацыі, сабранай пракуратурай, у гэты дзень Алесь Залеўскі рабіў відэасюжэт ў інтарэсах тэлеканала “Белсат”, чым парушыў беларускае заканадаўства. Сам журналіст лічыць, што беларускія ўлады самі паставілі незалежных журналістаў у нелегальнае становішча.
– Шмат разоў тэлеканал “Белсат” спрабаваў атрымаць афіцыйную акрэдытацыю ў Беларусі, але Міністэрства замежных спраў кожны год адмаўляе нам у гэтым. Мы вельмі хацелі б працаваць легальна, робім для гэтага ўсё магчымае. Мяч у справе акрэдытацыі “Белсата” увесь час на баку афіцыйнага Мінска, а гэтыя папярэджанні і штрафы яшчэ больш падкрэсліваюць патрэбу нас акрэдытаваць.
Адметна, што толькі на мінулым тыдні штрафам у 6 000 000 рублёў скончылася ўжо другая адміністрацыйная справа супраць журналіста. Папярэднюю падобную справу супраць Залеўскага заводзілі ў Карэлічах у маі бягучага года.
Разам з тым ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і многія міжнародныя арганізацыі ўжо шмат гадоў заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад дыкрымінацыйнага механізма акрэдытацыі. У гэтым годзе асаблівую увагу гэтай справе надавала і кіраўніца офіса АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дуня Міятавіч падчас афіцыйнага візіту ў Мінск.