Юры Рубцоў патрабуе прыцягнуць да адказнасці "чалавека ў судзейскай мантыі"
Гомельскі грамадскі актывіст Юры Рубцоў, якога прыцягнулі да 2,5 гадоў хіміі за абразу раённага суддзі Кірыла Палулеха, патрабуе ад Вярхоўнага суда прыцягнуць абразіўшагася суддзю да дысцыплінарнай адказнасці. Актывіст заяўляе і аб намеры спагнаньня з "чалавека ў судзейскай мантыі", які дазволіў сабе судзіць па пояс голага чалавека, маральнай шкоды, паведамляе Гомельская Вясна.
"Заяўляю, што суддзя пры ажыццяўленні правасуддзя праявіў да мяне, як да чалавека, поўную непавагу. Суддзя, паставіў мяне перад беларускай Фемідай ў адных штанах, прынізіў мой гонар і чалавечую годнасць. Прашу прыняць у дачыненні да суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха меры дысцыплінарнага спагнаньня", - напісаў старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу актывіст.
Да заявы Юры Рубцоў прыклаў шматлікія фатаграфіі з Інтэрнэт, на якіх ён уваходзіць і выходзіць з суда ў суправаджэнні міліцыі па пояс распранутым.
"Гэта будзе для Валянціна Сукалы свайго роду момантам ісціны, няхай адкажа, ці дапушчальна ў Беларусі судзіць голых людзей. Незалежна ад вынікаў, планую прад'явіць асобны пазоў аб спагнанні маральнай шкоды супраць "чалавека ў судзейскай мантыі", абразіўшагася на маё, як вынiкае з матэрыялаў крымінальнай справы выказванне "падонак", - заяўляе Юры Рубцоў.
Напамятаем, міліцыянты прывезлі актывіста ў суд у адных штанах. Калі Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, па словах судздзі, назваў яго "падонкам". За знявагу актывіста асудзілі да папраўчых работ — гэтак званай "хіміі". 21 лістапада Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд Рубцову без зменаў.