Алеся Залеўскага выклікаюць у сталічную пракуратуру
Не выключана, што ўслед за двума адміністрацыйнымі прысудамі незалежнаму журналісту хочуць вынесці яшчэ і пракурорскае папярэджанне.
– Дакладную прычыну выкліку я даведаюся толькі заўтра на допыце, куды мяне выклікаюць а 13 гадзіне. Але не выключаю, што мэта сустрэчы – пракурорскае папярэджанне за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Я маю інфармацыю, што супрацоўнікі пракуратуры ўжо пэўны час збіраюць звесткі пра маю працу, – распавёўАлесь Залеўскі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Адметна, што толькі на мінулым тыдні штрафам у 6.000.000 рублёў скончылася адміністрацыйная справа супраць журналіста ў Слоніме. Суддзя Андрэй Ліхач прызнаў Алеся Залеўскага вінаватым у парушэнні арт.22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Папярэднюю падобную справу супраць журналіста заводзілі ў Карэлічах у маі бягучага года. А наогул адміністрацыйны артыкул 22.9 сёлета ажно трынаццаць раз прымяняўся супраць незалежных журналістаў у Беларусі.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ужо шмат разоў акцэнтавала ўвагу беларускіх уладаў у неправамоцнасці абвінавачанняў супраць карэспандэнтаў па гэтым артыкуле, аднак рэпрэсіўная практыка да гэтага часу не змянілася.
Прэс
http://baj.by/be/node/27194