Рыгора Кастусёва выклікаюць у Шклоўскі РАУС за Дзень памяці ў Свіслачы
15 снежня на кватэру намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў Шклове завіталі два супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Яны пакінулі сваякам палітыка позву, у якой просяць Рыгора Кастусёва прыбыць у кабінет №30 Шклоўскага РАУС 16 снежня ў 12-00.
Па словах Рыгора Кастусёва, сам ён падчас візіту супрацоўнікаў міліцыі знаходзіўся ў ад’ездзе, аднак яго блізкія па просьбе міліцыянераў адразу ж патэлефанавалі яму на мабільны тэлефон, і ён мёў магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Супрацоўнік міліцыі ў званні падпалкоўніка ў ветлівай форме папрасіў Рыгора Кастусёва ў абавязковым парадку заўтра прыйсці ў Шклоўскі РАУС, бо ў райаддзел даслалі з Свіслачы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, быццам бы здзейсненым Рыгорам Кастусёвым. Палітык кажа, што ён збіраецца наведаць Шклоўскі РАУС 16 снежня, каб высветліць дакладна, якія правапарушэнні яму інкрымінуюцца згодна з адміністрацыйным пратаколам, дасланым супрацоўнікамі праваахоўных органаў Свіслачы.
Рыгор Кастусёў адзначае, што супрацоўнікі Шклоўскага РАУС ужо наведвалі яго кватэру ў Шклове на мінулым тыдні, аднак тады ён таксама знаходзіўся ў ад’ездзе, і міліцыянеры перадалі родным палітыка, што спадару Кастусёву неабходна абавязкова прыйсці ў Шклоўскі РАУС. Ніякай позвы тады яны не пакінулі, таму спадар Кастусёў на гэты “прыватны” выклік не адрэагаваў.
Нагадаем, што ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і Рыгор Кастусёў, які выступіў там з невялікай прамовай, у якой адзначыў, што «барацьба за свабоду Беларусі, якую распачалі паўстанцы Каліноўскага дагэтуль не спынілася, яна працягваецца і галоўнае — атрымаць у ёй перамогу».
Увесь час на мерапрыемстве ад могілак у Свіслачы да сканчэння ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў адзначэння Дня памяці ў Свіслачы ўжо пакараныя вялікімі штрафамі.