Павел Вінаградаў сёння адправіўся ў «бярэзінскую ссылку» (фота)
12 снежня грамадскі актывіст, лідэр моладзевай арганізацыі Zmena Павел Вінаградаў вымушана з'ехаў з Мінска, каб пазбегнуць долі «паліталкаголіка».
Нагадваючы пра прычыны свайго ад'езду, ён сказаў, што адна з іх датычыцца сямейных абставінаў, а другая - вядомая ўсім: «Мае тры пратаколы нібыта за п'янку. Міліцыя паабяцала мне, што, калі яны ўступяць у сілу, мяне адправяць на камісію, на якой мяне плануюць зрабіць хранічным алкаголікам і потым накіраваць у ЛПП. І каб гэтага не адбылося, я вырашыў з'ехаць ад граху падалей з горада-героя Мінска ў горад Беразіно».
Павел з'ехаў да бацькі ў райцэнтр Беразіно, што ў ста кіламетрах ад сталіцы. Сярод журналістаў і праваабаронцаў, якія сабраліся, каб падтрымаць актывіста, назва гэтага горада ўжо стала імем намінальным - па аналогіі з савецкім горадам Горкім, куды з Масквы быў сасланы адзін з лідэраў праваабарончага руху Андрэй Сахараў. Нагадаем, што ў 1960-1970-я ў СССР такое практыкавалася ў дачыненні да дысідэнтаў, прычым у многіх выпадках ім інкрымінавалася «дармаедства», якое адраджаюць сёння беларускія ўлады. Ссылка (высылка) са сталічных гарадоў у савецкай судовай практыцы з'яўлялася пакараннем і ўжывалася, каб спыніць актыўную грамадскую дзейнасць непажаданых грамадзянаў, іх стасункі з прадстаўнікамі замежных СМІ і праваабарончых арганізацый. Дарэчы, у размове бацька Паўла Юрый Аляксандравіч заўважыў, што ў савецкія часы і Беразіно адрозніваўся ў гэтым плане - у горадзе некалькі цагляных заводаў, куды на працы высылалі тых, каго прынята называць «асацыяльнымі элементамі».
Раней Вінаградаў дзяліўся прадчуваннем, што да яго праваахоўнікі прымяралі ярлык не толькі «паліталкаголіка», але і «дармаеда». У дзень ад'езду ён паведаміў, што ўладкаваўся на працу ў Мінску.
У цэлым Павел, як і заўсёды, трымаўся бадзёра і з уласцівым яму пачуццём гумару казаў пра склаўшуюся сітуацыю. А вось супрацоўнікі Маскоўскага РУУС, як ён адзначыў, сёння «нерваваліся» і раптоўна паведамілі яму, што ў Беразіно ён павінен з'явіцца ў міліцыю да гадзіны дня. Зборы актывіста праз гэтую нечаканую навіну былі спешныя.
Збіраючы рэчы, якія вырашыў узяць з сабой (у тым ліку кампутар, дыскі), Павел распавёў пра некаторыя захапленні: «Я - дарослы чалавек з дзвюма судзімасцямі – збіраю «кіндэры». Вось, грамадзяне-праваабаронцы, паглядзіце на маю творчасць. Калі мяне ўпершыню пасадзілі [мае на ўвазе першы адміністратыўны арышт у 2007 годзе - рэд.], зляпіў мядзведзя. Жонка сказала, што нельга яго выкідваць, - захоўваю ...»
Праваабаронцы "Вясны" зрабілі Паўлу сімвалічны падарунак у дарогу, пры выбары якога таксама не абышлося без іранічна падмечаных гістарычных паралеляў, - рэпрадукцыю карціны «Ленін у Шушанскім» (як вядома, у гэтай сібірскайвёсцы 27-гадовы ссыльны рэвалюцыянер дарма часу не губляў, агітуючы сялянаў супраць цара). І «Халоднае крыло Радзімы» - кнігу, напісаную ў няволі Алесем Бяляцкім, чытанне якой, як спадзяецца аўтар, зможа заняць Паўла ў тужлівыя хвіліны.
Колькі будзе доўжыцца Бярэзінская ссылка Паўла Вінаградава? Як зазначае сам актывіст, пакуль няма дакладнага адказу на гэтае пытанне, але мяркуе, што з'ехаў на год.
Праводзіны Паўла Вінаградава не абышліся і без «паранаідальных» настрояў, якія выклікала гэтая тройка ў цывільным, што старанна гуляла па перыметры двара каля дома актывіста. На першы погляд яны цалкам паходзілі на «тыповых мясцовых насельнікаў», пакуль не дасталі нататнічак і тэлефон, пасля таго як машына з Вінаградавым выехала з двара. На «лобным месцы» за домам да іх далучыліся яшчэ трое калегаў.
ФОТА: НАСТА ЛОЙКА