Гродзенскія праваабаронцы: рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў узрастаюць
Гродзенскія праваабаронцы 11 снежня правялі круглы стол, прысвечаны падвядзенню вынікаў сыходзячага года, абмеркаванні надзённых праблем і тых цяжкасця, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы апошнім часам. Было адзначана, што дзейнасць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці за апошні год істотна ўскладнілася, рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў узрастаюць, атрымаць дазвол ад уладаў і правесці публічнае мерапрыемства на вуліцы апошнім часам фактычна немагчыма. У Гродзенскай вобласці ўлады праз міліцыю і суды пры малейшай нагодзе караюць грамадскіх актывістаў вялікімі штрафамі. Праваабаронцы ў гэтай сітуацыі стараюцца дапамагчы абскардзіць несправядлівыя рашэнні і дамагацца адмены судовых пастаноў.
Праваабаронцы прадставілі сваё бачанне сітуацыі ў галіне абароны правоў чалавека ў рэгіёне. Былі абмеркаваны найбольш вострыя пытанні, адной з бліжэйшых справаў стане перадкалядная акцыя “Напішы паштоўку палітвязню”.
У дыскусіі ўзялі ўдзел праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Уладзімір Хільмановіч, Эдвард Дмухоўскі, іншыя грамадскія актывісты.