У Менску абмеркавалі пасьпяховыя рэгіянальныя грамадзкія практыкі 2014 году
14 лістапада ў Менску адбыўся круглы стол “Пасьпяховыя рэгіянальныя грамадзкія практыкі 2014 году: абмен досьведам і шляхі імплемэнтацыі”, зладжаны Асамблеяй НДА Беларусі з мэтай абмену рэкамэндацыямі паміж актывістамі беларускіх НДА.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 15 прадстаўнікоў найбольш актыўных рэгіянальных камандаў з Воршы, Магілёву, Гомеля, Лепеля, Баранавічаў, Берасьця, Вялейкі, Слуцку і Менску.
Удзельнікі круглага стала актыўна абмяркоўвалі выступы калегаў, задавалі пытаньні героям грамадзкіх акцыяў 2014 году, абменьваліся кантактамі.
Падводзячы вынікі, прысутныя падзякавалі Асамблеі НДА за непасрэдную сустрэчу з арганізатарамі карысных грамадзкіх справаў і магчымасьць пачуць зь першых вуснаў, як можна дасягнуць посьпеху ў неспрыяльных беларускіх умовах. Паводле меркаваньняў удзельнікаў, праведзены круглы стол дазволіў параўнаць дзейнасьць, якую яны праводзяць у сваіх рэгіёнах — зь іншымі.
Падчас падвядзеньня вынікаў таксама ўзнікла ідэя пераймаць досьвед рэгіянальных культурніцкіх фэстываляў: “Дранік-фэсту” у Магілёве, “Фэсту Развадоўскага” ў Баранавічах і Мсьціслаўскага фэсту. Такія падзеі гуртуюць мясцовыя супольнасці вакол важных гістарычных падзеяў, дапамагаюць усьведамляць адметнасьць свайго краю ды ўзмацняюць гарызантальныя сувязі паміж людзьмі ў рэгіёнах.
Рэкамэндацыі для актывістаў НДА, агучаныя на круглым стале “Пасьпяховыя рэгіянальныя грамадзкія практыкі 2014 году: абмен досьведам і шляхі імплемэнтацыі”
Трэба шукаць новых лідэраў і новыя твары для кожнай кампаніі.
Варта імкнуцца мець сваё памяшканьне, якое дапамагае людзям гуртаваццца і праводзіць мерапрыемствы легальна.
Выданьне якаснай сучаснай інфармацыйнай прадукцыі павышае імідж НДА.
Збор подпісаў і пэтыцыі застаюцца важнымі і даступнымі сродкамі дзейнасьці для НДА. Рэгіянальным актывістам варта таксама актыўна карыстацца электроннымі зваротамі.
СМІ і сацыяльныя мэдыя
Варта клапаціцца пра свой вобраз у мэдыях і ў сацыяльных сетках.
Неабходна найперш працаваць зь мясцовай прэсай, а не арыентавацца на тое, каб навіны пра вашу дзейнасьць траплялі ў нацыянальныя мэдыя.
Публікацыя аб вашай дзейнасьці на старонках дзяржаўнай прэсы часта дазваляе зьнізіць недавер да дзейнасьці НДА.
Праца зь мясцовым насельніцтвам
Варта інфармаваць мясцовых людзей пра кампаніі і імпрэзы на ўсіх этапах іх ажыцьцяўленьня.
Неабходна прыцягваць да сваёй дзейнасьці, перадусім, мясцовых жыхароў, а ня толькі актыўных грамадзянаў.
Трэба інфармаваць людзей ня толькі аб праблемах, але і акцэнтаваць увагу на пасьпяховых прыкладах іх вырашэньня.
Уласным прыкладам паказваць стваральную працу (праводзіць талокі па прыборцы або добраўпарадкаваньні, а ня толькі патрабаваць гэтага ад мясцовых уладаў).
Супраца зь мясцовымі ўладамі
Менш крытыкаваць (лепей нікога не крытыкаваць увогуле) — болей рабіць.
Дасылаць інфармацыю аб існых праблемах у выглядзе копіяў апублікаваных у СМІ артыкулаў ня толькі мясцовым жыхарам, але і ўладам.