viasna on patreon

Жанна Літвіна выступае з “Сахараўскай лекцыяй” ў Вене

2014 2014-12-10T10:55:38+0300 2014-12-10T10:55:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jana_litvina3.jpg
Жана Літвіна.

Жана Літвіна.

10 снежня ў офісе Еўрапейскага Саюза ў Вене (Аўстрыя) старшыня ГА “БАЖ” выступае з публічнай лекцыяй на тэму правоў чалавека і свабоды выказвання.

 

Мерапрыемства, якое называюць “Сахараўскай лекцыяй”, адбываецца ў розных гарадах Еўропы штогод у Сусветны дзень правоў чалавека. Мэта – павысіць інфармаванасць насельніцтва ЕС пра сітуацыю з правамі чалавека ў свеце і даць людзям магчымасць падыскутаваць з Сахараўскімі лаўрэатамі. (Нагадаем, што ГА “БАЖ” атрымала ад Еўрапарламента прэмію імя Сахарава “За свабоду думкі” ў снежні 2004 г.)

З вітальным словам да прысутных мае звярнуцца дэпутат Еўрапарламентrа Ёзэф Вайдэнхольцэр (Josef Weidenholzer), сябра камітэта па грамадзянскіх свабодах, юстыцыі і ўнутраных справах і падкамітэта па правах чалавека. Удзел у дыскусіі возьмуць дырэктар Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Андрэй Рыхтэр, кіраўніца аўстрыйскага аддзялення “Рэпарцёраў без межаў” Рубіна Мёрынг (Rubina Möhring). Мадэратарам дыскусіі будзе дырэктар Агенцтва ЕС па асноўных правах чалавека Мортэн К’ерум (Morten Kjaerum).

Акрамя пераліку апошніх выпадкаў парушэння правоў журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, Жанна Літвіна падзеліцца бачаннем глабальных праблем, якія не даюць нашай краіне інтэгравацца ў Еўропу, а таксама магчымых шляхоў іх вырашэння.  

Вось некаторыя з тэзісаў, якія гучаць сёння ў Вене:

Беларусі цяжка знайсці сваё месца ў сучаснай Еўропе, бо краіна не зведала палітычных і эканамічных рэформ, у ёй па-ранейшаму ёсць палітычныя зняволеныя, практыкуецца смяротнае пакаранне, не выконваюцца ўзятыя міжнародныя абавязальніцтвы.

Незалежныя СМІ ў такіх умовах вымушаныя выжываць. Недасканалае, не адпаведнае міжнародным стандартам заканадаўсва аб СМІ, абмежаванні ў доступе ад інфармацыі, няроўныя эканамічныя ўмовы дзейнасці, затрыманні, штрафы, умяшальніцтва ў дзейнасць рэдакцый, выштурхоўванне з краіны непадкантрольных медыяў – вось асноўныя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца недзяржаўным масмедыя.

Медыясферы ў Беларусі патрэбныя рэформы. Аднымі з першых крокаў маюць стаць заяўны, а не дазволны прынцып акрэдытацыі журналістаў, адмена дыскрымінацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса за дыфамацыю, спыненне адвольных затрыманняў журналістаў і ўмяшальнцтва ў іх дзейнасць, легалізацыя дзейнасці тэлеканала «Белсат» у Беларусі, прывядзенне закона «Аб СМІ» ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.

Палітыку ў галіне СМІ трэба абмяркоўваць публічна. А канцэпцыю рэфармавання медыясферы неабходна распрацоўваць з прыцягненнем экспертнага патэнцыялу Бюро АБСЕ па свабодзе СМІ, а таксама спецдакладчыка па Беларусі камітэта ААН па правах чалавека.

Маніпуляванне грамадскай свядомасцю стала глабальнай праблемай, якая выйшла за межы асобна ўзятых краін. Доўгія гады беларускія ўлады выбудоўвалі сістэму інфармацыйнай бяспекі ў рэчышчы барацьбы з унутранымі апанентамі і ўплывам Захаду, а сутыкнуліся з поўнай безабароннасцю перад расійскіай прапагандай. Беларускаму грамадству не хапае крытычнага стаўлення да прапаганды, у грамадства заніжаная запатрабаванасць якаснага медыяпрадукту.

Прапаганда разбурае асновы нашай прафесіі, таму новая місія журналісцскіх арганізацый – стварыць інстытут прафесійнай рэпутацыі. А для грамадзянскай супольнасці адным з прыярытэтных накірункаў працы мае стаць выхаванне медыяпісьменнасці ў грамадстве – здольнасці людзей адрозніваць факты ад прапаганды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства