viasna on patreon

Cаманадзейны следчы Скавародкін: "Ён няхай мяне баіцца - я ж з СК"

2014 2014-12-09T12:39:00+0300 2014-12-09T10:20:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/usk-magiliou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак Магілёўскага абласнога Упраўлення СК, дзе працуе "прафесіянал" Скавародкін

Будынак Магілёўскага абласнога Упраўлення СК, дзе працуе "прафесіянал" Скавародкін

Пётр Кучура распавёў пра нядаўнюю размову са следчым Скавародкіным. Напэўна, той наведаўся да асуджанага ў межах чарговай праверкі па факце аб катаваннях хлоркай у магілёўскай ПК-15, але размова звялася толькі да прэтэнзіяў на адрас Кучуры, па скаргах якога адмененыя ўжо чатыры пастановы гора-следчага.

Нагадаем, што чарговую пастанову старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта П.Л. Скавародкіна аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць адміністрацыі ПК-15 г.Магілёва па факце атручвання асуджанага Пятра Кучуры выпарэннямі хлоркі пракуратура адмяніла ў верасні. Верагодна, на дадзены момант праводзіцца чарговая дадатковая праверка, у межах якой сумна вядомы следчы і наведаў асуджанага ў магілёўскай турме.

Змест гэтай гутаркі Пётр Кучура ў падрабязнасцях апісаў у лісце да сваёй сям'і: "17-га лістапада ў 10.50 выводзілі мяне да Скавародкіна. Як толькі я ўвайшоў у кабінет, ён - як заўсёды на нервах - пачаў у грубай форме выказваць сваю незадаволенасць. Сутнасць зводзілася да таго, што мы з адвакатам вельмі разумныя і калі мы такія пісьменныя, то можа самі б і заняліся расследаваннем па хлорцы. І разоў пяць блытана і захлынаючыся прамовіў мне такую фразу: "Вось ты забіў чалавека, і яго сям'я яго больш ніколі не ўбачыць, дык чаму яны (г.зн. вы) пра гэта не пішуць ..." І гэтак далей - розны бруд! Я яму жорстка адказаў: "А гэта не вашы праблемы, і не вам вырашаць, хто каго забіваў, там без вас разбяруцца. І калі вы прыйшлі канкрэтна па нейкіх пытаннях - то задавайце, таму што я зараз пайду, і сачыце за сваімісловамі, бо я на вашыя грубасці адкажу тым жа". Пасля гэтага ён супакоіўся трошкі і кажа: "А як бы ты хацеў, каб пакаралі Маханькова?" [Сяргей Маханькоў - начальнік ПК-15 г.Магілёва - рэд.] Я адказаў: "Хачу, каб Маханькова і яго світу судзілі за здзекі і за тыя грошы, якія яны вымагаюць з асуджаных. Але вы баіцеся ўсемагутнага палкоўніка Маханькова і таму не робіце ніякіх захадаў!"Скавародкін адказаў:"Я яго не баюся, гэта ён няхай мяне баіцца - я ж з СК!" Вось такая ў нас была гутарка..."

На гэты конт жонка асуджанага Людміла Кучура кажа, што чым далей, тым больш яе дзівяць дзеянні следчага Скавародкіна, які не перастае дэманстраваць вельмі непрафесійны падыход да справы. "Бо адмененая ўжо чацвёртая яго пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў магілёўскай ПК-15, і далей гэтае расследаванне нічога акрамя смеху не выклікае. Замест таго, каб апытаць майго мужа (хоць даўно зразумела, што ўсё гэта толькі імітацыя дзейнасці), Скавародкін стаў выказваць прэтэнзіі – бачыце вы, яму не спадабалася, што ў Магілёў прыязджаў адвакат і цікавіўся матэрыяламі праверкі... Але яшчэ больш мяне ўразіла тое, што Скавародкін пачаў казаць пра крымінальную справу, па якой адбывае пакаранне мой муж. Калі б Скавародкін быў прафесіяналам, ён такога б ніколі не заявіў. Як раз-такі, яму не павінна быць справы да гэтай справы, яго справа - расследаванне па факце катаванняў хлоркай ў ПК-15. Гэты яго выпад яшчэ раз падкрэслівае, якія "прафесіяналы" працуюць у Следчым камітэце. Вось такі ж "прафесіянал" расследаваў калісьці крымінальную справу майго мужа, якую непісьменна сфальсіфікаваў. Тое ж зараз паўтарае і Скавародкін. Хто не даваў Скавародкіну яшчэ ў лістападзе 2013 года, калі я звярнулася са скаргай, правесці належную праверку з судова-медыцынскай экспертызай? Замест таго, каб выявіць вінаватых/невінаватых, маю скаргу адфутболілі, накіраваўшы ў УДВП па Магілёўскай вобласці, куды яна не павінна была быць адрасавана. І вось да чаго ўсё гэта ў выніку прывяло. Я лічу, што тут з абодвух бакоў ёсць зацікаўленасць у тым, каб пра гэтую справу ніхто нічога не даведаўся. І зараз Скавародкін запытваецца, што рабіць з Маханьковым. Нічога не трэба рабіць з Маханьковым! Трэба проста па законе разабрацца. Калі вінаваты - прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, чаго і дамагаецца мой муж. І калі б па факце катаванняў хлоркай была заведзеная крымінальная справа, то, думаю, знайшліся б людзі, якія б таксама заявілі пра катаванні ў ПК-15. Ёсць асуджаныя (і некаторых я ведаю па прозвішчах), якія пісалі шмат скаргаў з гэтай нагоды. Іншая справа, што гэтыя скаргі не выходзяць за межы калоніі. Але калі ўсе гэтыя выпадкі надаць агалосцы, то гэта была б дастатковая колькасць асуджаных. І ў краіне, дзе пануе закон, вінаватыя былі б прыцягнутыя да адказнасці. Але, на жаль, у нашай краіне такія супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да асуджаных дазволеныя..."

Людміла Кучура з іроніяй адзначае, што ўжо не здзівіцца чарговай - пятай - пастанове следчага Скавародкіна аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства