Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Мікалая Чарнавуса
Брэсцкі абласны суд 24 лістапада не задаволіў касацыйную скаргу баранавіцкага прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса аб абароне гонару і годнасці адносна дзеянняў намесніка начальніка Баранавіцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў Эльдара Вільчкоўскага. Судовае паседжанне вёў суддзя Андрэй Алесенка.
– Я вельмі спадзяваўся, што абласны суд усё ж такі справядліва разбярэцца ў маёй справе і прызнае, што падпалкоўнік Эльдар Вільчкоўскі ў афіцыйных дакументах распаўсюдзіў зневажальныя і абразлівыя звесткі, што падчас затрымання ў выніку несанкцыянаванага страйку баранавіцкіх прадпрымальнікаў 2 ліпеня я сімуляваў пагаршэнне свайго стану здароўя. Навошта мне сімуляцыя, калі я з’яўляюся інвалідам 2-ой групы, і прадстаўленыя ў суд дакументы з гарадской бальніцы сведчылі, што ў мяне быў гіпертанічны крыз, а не сімуляцыя хваробы. Але абласны суд традыцыйна вырашае спрэчныя пытанні толькі на карысць дзяржаўных структур. У практыцы баранавіцкіх грамадскіх актывістаў не было справы, каб абласны суд калі-небудзь прыняў бок прадстаўніка недзяржаўных арганізацый, тым болей “арганізатара” несанкцыянаванага страйку прадпрымальнікаў, – пракаментаваў Мікалай Чарнавус.
Грамадскі актывіст пакуль не вырашыў, будзе ён скардзіцца ці не ў вышэйстаячыя судовыя інстанцыі.
Фота: Мікалай Чарнавус у кардыялагічным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы пасля затрымання міліцыяй 2 ліпеня.