Андрэй Гайдукоў чакае выкліку на адміністрацыйную камісію
21 лістапада былы палітвязнь Андрэй Гайдукоў раздаваў у Наваполацку ўлёткі пра беларускіх палітзняволеных. Міліцыянты затрымалі яго нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Але ў пастаунку склалі пратакол ужо за распаўсюд улётак без выходных дадзеных.
"Пратакол я не падпісваў, копіі не маю, таму не магу сказаць, у парушэнні якога артыкула мяне вінавацяць. Я чуў, што па тэлефоне супрацоўнікі міліцыі камусьці тлумачылі, што мой выпадак будзе разбіраць адміністрацыйная камісія. Але ніякіх позваў у мяне пакуль няма – ні на пасяджэнне камісіі, ні ў суд", - распавёў Андрэй Гайдукоў.
Хлопца затрымалі, калі ён ужо раздаў усе ўлёткі і ішоў дахаты. Ён кажа, што затрыманню не дужа здзівіўся, бо падчас раздачы ўлётак пра палітвязняў за ім назіралі людзі ў цывільным і нават здымалі ягоныя дзеянні на відэакамеру. У тым месцы, дзе ён распаўсюджваў інфармацыйныя матэрыялы – каля Дома Гандлю ў Наваполацку - былі развешаныя і плакаты пра беларускіх палітзняволеных.
Андрэй Гайдукоў - былы палітзняволены, 8 лістапада 2012 года супрацоўнікі КДБ затрымалі яго і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Справа Гайдукова разглядалася ў закрытым рэжыме, падчас суду абвінавачаньне Гайдукову было перакваліфікавана. 1 ліпеня 2013 года Віцебскі абласны суд асудзіў Гайдукова паводле крымінальнага артыкула «Спроба ўсталявання супрацоўніцтва са спецслужбамі, органамі бяспекі або органамі замежнай дзяржавы». Яго прызналі «вінаватым у спробах устанаўленьня кантактаў з супрацоўнікамі замежнай спэцслужбы без прыкмет дзяржаўнай здрады».
8 траўня 2014 году Андрэй Гайдукоў выйшаў на волю.