Аляксандра Меха чакае суд за ўскладанне кветак у Свіслачы
Пра гэта актывіста Партыі БНФ папярэдзілі ў Кобрынскім РАУС пад час выкліку па справе ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Свіслачы 26 кастрычніка. Менавіта так расцанілі традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў, якая штогод ладзіцца ў Свіслачы Гродзенскай вобласці. Удзельнікі гэтага мерапрыемства наведваюць магілу Віктара Каліноўскага, брата Кастуся, ускладаюць кветкі на памятных мясцінах, звязаных з паўстаннем, наведваюць Якушоўку, дзе была родавая сядзіба Каліноўскіх, узгадваюць герояў, якія аддалі сваё жыццё за вольнасць Радзімы.
Аляксандру Меху ў РАУС далі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі па гэтай справе, што прыйшлі з Свіслачы. Пратакол складзены і падпісаны начальнікам Свіслацкага РАУС маёрам міліцыі Віктарам Гандарэвічам. Сведкамі ў тым, што Аляксандр Мех удзельнічаў у мерапрыемстве і ўскладаў кветкі сталі супрацоўнікі міліцыі гэтага РАУС: Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня.