У Гомелі на Дзень правоў чалавека заяўлена вулічнае шэсце
Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка, а таксама грамадзянская актывістка Галіна Бялова накіравалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне ў горадзе 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, масавага мерапрыемства ў выглядзе вулічнага шэсця. Мэтай мірнага сходу заяўлена прыцягненне ўвагі жыхароў горада да наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных.
Заяўнікі просяць гарвыканкам даць распараджэнне адпаведным службам па забеспячэнні грамадскага парадку, арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, прыборцы тэрыторыі пасля яго правядзення. У Гомелі, згодна рашэнню гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах», заяўнікам пікета, мітынгаў і шэсцяў трэба заплаціць за паслугі хуткай дапамогі і камунальных службаў. Праводзіць масавыя мерапрыемствы, якія праходзяць не па ініцыятыве ўладаў, можна толькі на двух пляцоўках у аддаленых мікрараёнах. Заяўнікі пікетаў і мітынгаў сутыкаюцца з замкнёным колам: «хуткая» не згаджаецца абслугоўваць масавыя мерапрыемствы нават пры ўмове аплаты, спасылаючыся то на недахоп карэт хуткай дапамогі, то на тое, што гарвыканкам не даў дазвол на масавае мерапрыемства (хоць выканкам можа жаць дазвол толькі пасля дамовы з «хуткай»).
У Гомельскай вобласці за апошнія 10 гадоў улады не дазволілі правесці ніводнага масавага мерапрыемства, якія былі заяўлены прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці. Абскарджванне такіх рашэнняў у судах не прыносіць плёну.