У Слаўгарадскім раёне – праблемы з выплатай заработнай платы
На пасяджэнні Слаўгарадскага райвыканкама яго старшыня П. І. Найдзен агучыў інфармацыю пра тое, што у сельгаскааператыве “Жалезінскі” за верасень заробак не выплачаны своечасова.
Гэтая інфармацыя прайшла на абласной статсправаздачы, што пацягнула за сабой адпаведныя “разборкі палётаў”, паведамляе інтэрнэт-сайт слаўгарадскай раённай газеты “Прысожскі край”. Каб не дапусціць падобных выпадкаў у далейшым у іншых гаспадарках, пытання выканання заданняў па росту заработнай платы, своечасовасці яе выплаты разглядалася першым на пасяджэнні Слаўгарадскага райвыканкама.
Падчас яго разгляду прагучала інфармацыя пра тое, што “даўгавая яма” сельгасарганізацый Слаўгарадскага раёна складае 405,9 мільярда рублёў, што перавышае выручку ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг у 3,3 разы. Абсалютна незразумела, якім чынам некаторыя з гаспадарак раёна будуць выплочваць заробак сваім працаўнікам пры такім памеры запазычанасці, і як будуць далей выжываць у такіх умовах людзі. Увогуле ж сярэдні заробак за 9 месяцаў у АПК Слаўгарадскага раёна склаўся ў суме 3748 тысяч рублёў пры даведзеным заданні 3562 тыс. рублёў. Але ж у такіх гаспадарках як “Жалезінскі” і ААТ “Прысожжа” гэты паказчык яшчэ меншы – ён склаўся на ўзроўні 89,1 і 84,3 працэнта сярэднераённага адпаведна.
Начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Ю. У. Рыжова паведаміла таксама, што ў 4-х гаспадарках Слаўгарадскага раёна з выплатай заробка фіксаваліся затрымкі, што супярэчыць калектыўным дамовам. Гучалі і прагнозы адносна рэалізацыі прадукцыі і фонда заробка, які прадстаіць выплаціць. На жаль, баланс яго не на карысць заробка. Асноўная парада, якую дала райвыканкамаўская чыноўніца працаўнікам вёскі – гэта жыць па сродках.