viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2014 года

2014 2014-11-10T18:13:00+0300 2014-11-17T18:17:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў кастрычніку заставалася стабільна кепскай, захоўвалася сістэмнасць і сістэматычнасць іх парушэнняў. Нарастанне практыкі адвольных затрыманняў і асуджэння на адміністрацыйныя арышты запатрабавала асобнага акцэнтавання з боку праваабаронцаў на гэтай праблеме як вельмі небяспечнай з пункту гледжання ціску на актывістаў, іх безабароннасці ад незаконных дзеянняў праваахоўных органаў, далейшай дэградацыі судовай сістэмы і гатоўнасці да выканання палітычных замоваў. Праваабаронцы выказваюць сур'ёзную заклапочанасць тым, што тактыка кароткатэрміновых адвольных арыштаў будзе пашырацца і выкарыстоўвацца для блакавання грамадскай і палітычнай актыўнасці як падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкай электаральнай кампаніі, так і падчас яе правядзення ў наступным годзе, улічваючы той фактар, што такія дзеянні ўладаў не выклікаюць вострай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці.

Замацаўвалася негатыўная тэндэнцыя прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Пры гэтым атрыманне такой акрэдытацыі па-ранейшаму заставалася немагчымым з-за нязменных адмоваў МЗС.

 

Не адбылося пазітыўных зрухаў у вырашэнні найбольш вострай праблемы – наяўнасці палівязняў. Беларускія ўлады не прадпрынялі ніякіх крокаў для вырашэння гэтай праблемы ні сыходзячы з уласнай палітычнай волі, ні пад уплывам знешнепалітычных фактараў, найперш -- выканання перадумовы наладжвання паўнавартасных адносінаў з Еўрапейскім Саюзам і ЗША . Аднак варта адзначыць, што ў сітуацыі значнага нарошчвання кантактаў ЕС і ЗША з беларускімі ўладамі ўзровень патрабаванняў адносна вызвалення палітычных зняволеных відавочна зніжаны да традыцыйнай рыторыкі, а не прынцыповых патрабаванняў. Назіраецца далейнае адвязванне каштоўнаснай праблематыкі ад тых сфераў узаемадзеяння, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, далейшае развіццё прагматычных кантактаў.

Традыцыйным крокам у дадзенай сітуацыі ўспрымаецца працягненне на год Саветам ЕС абмежавальных мераў адносна фізічных і юрыдычных беларускіх асоб, датычных да ажыццяўлення рэпрэсій, парушэння правоў чалавека і фінансавай падтрымкі падобных дзеянняў уладаў. У паведамленні Савета ЕС ад 30 кастрычніка сказана: "Гэта выклікана тым, што не ўсе палітзняволеныя былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а павага правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў значна не палепшылася ў Беларусі". Беларускі МЗС на гэта адрэагаваў жо з улікам новых тэндэнцыяў: «Беларускі бок са шкадаваннем канстатуе, што ў вызначэнні палітыкі Еўрапейскага Саюза ў адносінах да Рэспублікі Беларусь па-ранейшаму дамінуе інэрцыя мінулага. Прынятае 30 кастрычніка 2014 рашэнне Савета ЕС аб працягу абмежавальных мер у дачыненні да шэрагу беларускіх грамадзян і кампаній з'яўляецца чарговай страчанай магчымасцю ліквідаваць асноўную перашкоду для нармалізацыі нашых адносін і пачаць прадметную працу па выбудоўванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў інтарэсах нашых грамадзян».

Такім чынам, лёс палітвязняў заставаўся нязменным, за кратамі працягвалі ўтрымлівацца Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Васіль Парфянкоў. У кастрычніку паўстала рэальная пагроза папаўнення спісу палітычных зняволеных: да году і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу быў асуджаны гомельскі актывіст Юрый Рубцоў. Калі касацыйная інстанцыя пакіне прысуд у сіле, і актывіст будзе накіраваны адбываць вызначанае судом пакаранне, ён будзе прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, адносна якога будуць вылучацца патрабаванні неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а ад міжнароднай супольнасці – адпаведнай рэакцыі на з’яўленне новага палітычнага зняволенага.

Па пытанні палітвязняў заставалася прынцыповай заставалася пазіцыя спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Савета па правах чалавека ААН. У дакладзе, прадстаўленым 28 кастрычніка на 69 сесіі Генеральнай асамблеі ААН, Міклаш Харашці настойліва рэкамендаваў беларусім уладам “неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх палітвязняў і забяспечыць поўную рэабілітацыю іх у грамадзянскіх і палітычных правах”. У сваім дакладзе спецдакладчык засяродзіў увагу і на іншых балючых кропках у сітуацыі правамі чалавека ў краіне, у тым ліку – датычна дзейнасці праваабаронцаў і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. Ён рэкамендаваў беларускаму ўраду гарантаваць незалежнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, ствараючы ўмовы для таго, каб яны маглі працаваць, не баючыся рэпрэсій. Афіцыйны прадстаўнік дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у ААН у чарговы раз пацвердзіў пазіцыю непрызнання мандату краінавага спецдакладчыка і назваў даклад «спробай умяшальніцтва ва ўнутраныя справы», заявіўшы, што «даклады аб сітуацыі ў Беларусі пішуцца спецдакладчыкам пад дыктоўку з Брусэлю». Чарговы раз афіцыйныя ўлады Беларусі адмовіліся ад канструктыўнага дыялогу з міжнароднай інстытуцыяй па пытаннях паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. У сваю чаргу беларуская праваабарончая супольнасць пацвердзіла намер далейшага супрацоўніцтва са спецдакладчыкам дзеля выпрацоўкі рэкамендацый адносна сістэмных пазітыўных зменаў у сітуацыі з правамі чалавека.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

4 кастрычніка Мікалай Статкевіч, які амаль тры гады ўтрымліваецца ў магілёўскай турме, у лісце да жонкі Марыны Адамовіч пералічыў прадукты, якія немагчыма набыць у турэмнай краме. Гэта быў адказ на ліст Марыны Адамовіч, якая падчас наведвання турмы зайшла ў турэмны буфет і ўбачыла абвестку на паперцы, што ў продажы ёсць мясныя вырабы, пра што і напісала мужу. М. Статкевіч адказаў, што яна я памылілася. Што ніякай кілбасы там няма, як і садавіны і гародніны. Ён адзначыў, што нават цыбулі з вясны няма. Таксама дадаў, што пасля таго, як летам напісаў жонцы не класці ў бандэроль арэхі, бо ў турэмнай крамне ёсць батончыкі з халвы, дык і халва адразу знікла.

 

4 кастрычніка Марына Лобава выказала занепакоенасць тым, што ў сітуацыі рэзкага пахаладання ў Івацэвіцкай калоніі, дзе ўтрымліваецца яе сын – палітвязень Эдуард Лобаў, няма ацяплення. Таксама маці палітвязня хвалюе тое, што не адбыўся пераход на зімовую форму адзення, што мож выклікаць перахалоджванне і хваробу. Паводле жанчыны, ужо месяц ад сына няма лістоў і тэлефонных званкоў.

 

6 кастрычніка суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Наталля Вайцэховіч прызнала гомелькага актывіста Юрыя Рубцова вінаватым у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса “Абраза суддзі або народнага засядацеля” і вынесла прысуд: два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адразу ж суддзя ўжыла амністыю і скасавала тэрмін на адзін год. Такім чынам, канчаткова вызначаны тэрмін пакарання – год і шэсць месяцаў. Дзяржаўны абвінаваўца Гардзеенка патрабаваў для  Юрыя Рубцова пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады. У аснове абвінавачання – заява суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірылы Палулеха, які сцвярджаў, што падчас разгляду адміністрацыйнай справы Юрыя Рубцова 28 красавіка той нібыта яго абразіў. Юрый Рубцоў тлумачыў падчас папярэдняга судовага паседжання, што ў той дзень яго даставілі ў суд Савецкага раёна Мінска напаўаголеным, што абражала ягоную годнасць. Апроч таго, ён не змог азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, паколькі быў без акуляраў. Таму і сказаў, што гэта “не суд, а судзілішча”. Адвакат прасіў апраўдаць Рубцова, паколькі прамых доказаў знявагі суддзі Кірылы Палулеха няма: у красавіку на адміністрацыйным працэсе над Рубцовым не вёўся аўдыёзапіс, не праводзілася відэаздымка. Абвінавачванне грунтуецца толькі на паказаннях супрацоўнікаў міліцыі, якія адвольна затрымлівалі Рубцова яшчэ падчас Чарнобыльскага шляху. Таму немагчыма ўпэўнена казаць, ці зневажаў Рубцоў усю судовую сістэму і асобнага суддзю. А паказанні такіх сведкаў выклікаюць зразумелыя сумненні. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які назіраў за ходам судовага працэсу, заявіў, што калі прысуд Юрыю Рубцову будзе пакінуты ў сіле, гэта будзе азначаць, што ў Беларусі з’явіўся новы палітвязень. Па ягоным меркаванні, гэты працэс -- прамы вынік дзеянняў уладаў, якія практыкуюць адвольныя затрыманні актывістаў, што не здзяйснялі правапарушэнняў. Дзеянні міліцыя яўна насілі незаконны характар, паколькі Юрый Рубцоў быў затрыманы за майку "Лукашэнка, сыходзь!", такім чынам ён выказваў сваё асабістае меркаванне, гарантаванае яму Кастытуцыяй Беларусі.

 

13 кастрычніка Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміла, што яе сын зноў змешчаны ў штрафны ізалятар. На канец верасня было запланавана спатканне палітвзня з роднымі, аднак за пару дзён ім пазванілі з адміністрацыі „Віцьбы-3“, дзе ўтрымліваецца Ігар Аліневіч, і паведамілі, што спатканне пераносіцца на няпэўны тэрмін, паколькі зняволены за дысцыплінарнае парушэнне пакараны 10 суткамі штрафнога ізалятара. Праз дзесяць дзён родныя даведаліся, што за першым тэрмінам у ШЫЗА быў і другі, а за другім -- трэці. Высветлілася, палітвязень адмовіўся чысціць прыбіральні, бо тады атрымаў бы ніжэйшы турэмны статус. Праз 10 дзён быў аналагічны паўторны загад, і зноў адміністрацыя пачула ад Аліневіча адмову. Трэцяе спагнаньне было за тое, што канваіры нібыта чулі, што палітвязень, які ўсе гэтыя 30 дзён знаходзіўся ў адзіночцы, нібыта размаўляў СА зняволенымі суседняй камеры. Кіраўніцтва калоніі паведаміла бацьку Ігара Аліневіча, што наступнай штрафной санкцыяй у выпадку непадпарадкавання вязня можа быць ізаляцыя ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), а потым -- перавод асуджанага ў так званую «крытую» турму. 23 кастрычніка, пасля праведзеных І. Аліневічам 30 сутак у штрафным ізалятары, бацькі палітвязня, Валянціна і Уладзімір, змаглі атрымаць кароткатэрміновае спатканне з сынам. У іх таксама прынялі прадуктовую перадачу і цёплыя рэчы. Спатканьне працягвалася паўтары гадзіны праз шкло і тэлефон. Па словах Валянціны Аліневіч, сын выглядаў схуднелым пасля ШЫЗА. Ён пытаўся пра сваю бабулю, якая нядаўна памерла, а лістоў пра гэта яму так і не аддалі. З перыёдыкі, па словах зняволенага, ён атрымлівае толькі тыя газеты, якія яму выпісалі. Выданні „Новы Час“ і „Свободные новости плюс“, якія яму высылала рэдакцыя, не аддаюць.

 

18 кастрычніка актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з палітвязнем Васілём Парфянковым, паведаміла, што ён 12 сутак зноў правёў у ШЫЗА. Прычына пакарання невядомая. Пасля 10 дзён маўчання, 29 кастрычніка, Вольга Мікалайчык атрымала чарговы ліст, з якога стала вядома, што Васіль Парфянкоў выйшаў з чарговага карцэру, дзе адбыў 10 дзён. Палітвязень напісаў, што з 253 дзён, якія ён на той момант прабыў у горацкай калоніі, 226 дзён знаходзіўся ў адзіночнай камеры: альбо ў карцэры, альбо ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу. На той момант яму заставалася адбыць 45 дзён пакарання.

 

21 кастрычніка адзін з сяброў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Пракаповіч паведаміў, што палітвязень Яўген Васьковіч пераведзены з магілёўскай турмы строгага рэжыму ў калонію №15 у Магілёве. Перавод звязаны з завяршэннем 3-гадовага тэрміну ўтрымання ў турме, вызначанага судом за нібыта парушэнні правілаў адбыцця пакарання, якія палітвязень здзейсніў у калоніі. За 3 гады ў турме Яўген Васьковіч правёў у штрафным ізалятары 247 сутак.

 

27 кастрычніка Валерыя Хоціна, жонка палітвязня Мікалая Дзядка, паведаміла, што муж атрымаў некалькі бандэроляў, у тым ліку – кніжную. Ён прасіў таксама даслаць медычную бандэроль, бо ў яго праблемы са страўнікам, а паколькі займаецца спортам, і ў яго увесь час праблема — расцягненні, і патрэбныя адмысловыя мазі.

 

Смяротнае пакаранне

 

З 5 па 10 кастрычніка прайшоў шэраг праваабарончых мерапрыемстваў пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”. 5 кастрычніка ў Мінску была адчынена выстава плакатаў з серыі «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання», адмыслова створаная беларускім мастаком з Вільні Алегам Аблажэем, і працы з маштабнага праекта Death Is Not Justice, перададзеных Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання. 7 кастрычніка быў прадстаўлены сумесны праект фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” – «Вышэйшая мера». Героямі фотапраекта сталі Святлана Жук, Любоў Кавалёва, Тамара Сялюн, Вольга Грунова і Тамара Чыкунова – маці асуджаных на смяротнае пакаранее. 8 кастрычніка адбылася публічная лекцыя ганаровага госця Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Карэла Шварцэнберга, старшыні Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі, былога міністр замежных справаў Чэскай Рэспублікі і кіраўніка канцылярыі прэзідэнта Вацлава Гаўла. 9 кастрычніка прайшла публічная лекцыя праваабаронцы Тамары Чыкуновай, заснавальніцы і кіраўніка ўзбекскай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў", да актыўнай дзейнасці якой прывяла асабістая трагедыя: у 2000 годзе расстралялі яе адзінага сына, які ўжо пасмяротна быў прызнаны невінаватым. Рознага фармату мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме смяротнага пакарання, прайшлі ў Бабруйску, Бярозе, Баранавічах, Гомелі, Барысаве, Гродна, Мазыры, Маладзечна, Рэчыцы, Брэсце, Магілёве, Віцебску.

 

11 кастрычніка на чарговым справаздачна-выбарчым з'ездзе Партыі БНФ сярод іншых рашэнняў былі зацверджаны змены ў Праграму партыі. Адным з такіх праграмных новаўвядзенняў стаў пункт аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі: “Смяротнае пакаранне павінна быць скасавана як несумяшчальны з сучаснай прававой сістэмай еўрапейскай краіны від пакарання, які мае незваротны характар і ў выпадку судовай памылкі не можа быць выпраўлены. Скасаванне смяротнага пакарання – неабходная ўмова для паўнавартаснага далучэння Беларусі да Рады Еўропы”. Упершыню ў гісторыі Беларусі патрабаванне адмены смяротнага пакарання стала часткай партыйнай праграмы.

 

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

5 кастрычніка актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Уладзімір Лемеш, які правёў двое сутак ў салігорскім ІЧУ, заявіў пра намер накіраваць скаргу на ўмовы ўтрымання. У 2013 годзе ў салігорскім ізалятары часовага ўтрымання былі праведзены рамонтныя працы. Па словах Уладзіміра Лемеша, у камеры з’явіўся ўмывальнік, а ўнітаз адмежавалі невялікай сценкай. Плёнка на вокнах была заменена на шклопакеты. Разам тым, асобных ложкаў на кожнага зняволеннага у камерах для “сутачнікаў” не з’явілас -- па ранейшаму людзі вымушаны туліцца на адной драўлянай гэтак званай “сцэне”. Разам з Уладзімірам у камеры знаходзілася 15 чалавек, а на “сцэне” ночыць могуць не больш за 8: астатнія кладуцца ў нагах ці наогул на бетоннай падлозе. Большасць наўпрост не спіць усю ноч. Пры гэтым на ўсіх было толькі тры матрацы. Змыў ва ўнітазе не працу, прыходзілася карыстацца абрэзанай пластыкавай бутэлькай і насіць туды ваду з ўмывальніка. Потым у гэту ж бутэльку налівалі гарбату, бо кубкаў не было. Адзначыў маладзён і праблемы з вентыляцыяй і натуральным асвятленнем: у перапоўненай камеры цыгарэтны дым увесь час, вентыляцыя ці не працуе ўвогуле ці не спраўляецца. Шклопакеты паставілі, але самі вакенцы засталіся ў памерах такія ж мізэрныя. Натуральнага асвятлення ўдзень крытычна бракуе. 25 кастрычніка Уладзімір Лемеш накіраваў скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання. Гэтыя ўмовы актывіст лічыць прыніжаючымі чалавечую годнасць.


Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

30 кастрычніка Алена Танкачова, кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, у другой палове дня атрымала апавяшчэнне аб ануляванні віда на жыхарства і аб разглядзе пытання пра высылку яе з Рэспублікі Беларусь. У верасні стала вядома, што ў дачыненні да Алены Танкачовай, якая пражывае ў Беларусі з 1985 года, але мае расійскае грамадзянства, можа быць распачата працэдура пазбаўлення віду на жыхарства. Праваабаронца адзначыла, што не мае намеру даваць ацэнку або трактаваць дзеянні ўладаў да поўнага завяршэння працэсу камунікацыі з імі па гэтай сітуацыі і прыняцця канчатковых рашэнняў.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

2 кастрычніка раніцай салігорскі маладафронтавец Іван Шыла наведаў Салігорскі РАУС, куды яго напярэдадні ўвечары выклікалі позвай “на размову”. Размова адбывалася з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Георгіем Крывальцэвічам. Ён паведаміў Івану Шылу, што за ім лічацца неадбытыя 2 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у адной з так званых маўклівых акцый, якія мелі месца ў тым ліку ў сталіцы шахцёраў яшчэ ў 2011 годзе. Пасля размовы малады чалавек быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання.

 

2 кастрычніка ў Асіповічах быў затрыманы сябра аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Алег Масальскі. Ён ішоў з жонкай па вуліцы ў майцы з партрэтам Яўгена Васьковіча. Калі жонка адыйшла ў шапік, яго затрымалі праязджаючыя на машыне міліцыянты. Актывіст быў вызвалены без складання пратаколу правапарушэння.

 

2 кастрычніка ўвечары ў Гродна міліцыяй быў затрыманы грамадска-палітычны актывіст Ежы Грыгенча. Як удзельнік кампаніі “Гавару праўду” ён збіраў подпісы грамадзян за пытанні “Народнага рэферэндуму”. Аднаму з жыхароў, да каго ў кватэру завітаў Грыгенча, падпісныя лісты падаліся падазронымі і ён выклікаў міліцыю. Ежы Грыгенчу даставілі ў РУУС Ленінскага раёна, дзе трымалі тры гадзіны. Ежы Грыгенчу адпусцілі без складання пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэнне, але падпісныя лісты забралі нібыта на экспертызу.

 

2 кастрычніка актывіст моладзевага крыла Zмена кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў, за якім устаноўлены прэвентыўны нагляд, пайшоў адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна і не вярнуўся дадому. Пазней яго жонка паведаміла, што актывіст затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне. 3 кастрычніка пасля таго, як Павел Вінаградаў быў адпушчаны з РУУС, ён распавёў, што ў інспекцыі з ім спрабавалі правесці прафілактычную размову: «Мой інспектар паставіў мне ультыматум: альбо ты, Паша, пераязджаеш у Беразіно, дзе жыве бацька, альбо ты едзеш лаяцца матам. Я сказаў, што ў Беразіно ехаць, па меншай меры зараз, адмаўляюся, можа быць потым. Гутарка ў нас не адбылася». Пасля гэтага актывіста адвялі да начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мікалая Лужынскага. «Акрамя ўсяго іншага ён спытаў у мяне, дзе Завадскі (журналіст Зміцер Завадскі, які знік улетку 2000 года). Я адказваю: не ведаю. На што ён кажа: вось і жонка твая хутка будзе адказваць, што не ведае, дзе Паша. Я ў яго пацікавіўся, ці пагроза гэта. Ён кажа: не, гэта папярэджанне», — распавёў Вінаградаў. Ноч з 2 на 3 кастрычніка актывіст правёў у дзяжурнай частцы Маскоўскага РУУС. Зранку ён быў азнаёмлены з пратаколам па арт. 17.3 КаАП (распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення), у якім было сказана, што ён знаходзіўся каля будынка РУУС у нецвярозым стане. На Паўла Вінаградава быў накладзены штраф у восем базавых велічынь.

 

6 кастрычніка ў кватэру, дзе знаходзіўся былы палітвязень і актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч, з 6 гадзін раніцы спрабавалі патрапіць супрацоўнікі міліцыі. Прычына такой пільнай увагі праваахоўнікаў А. Францкевічу невядомая. У гэты ж дзень падобным чынам, проста дома, быў затрыманы сацыяльны актывіст Аляксандр Стукін. Ён паспеў паведаміць па тэлефоне, што яго асудзілі на 10 сутак арышту. 

 

9 кастрычніка, напярэдадні сустрэчы паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Украіны ў Барысаве, міліцыя распачала паляванне на заўзятараў. Судом Кастрычніцкага раёну Мінска былі асуджаныя некалькі фанатаў зборнай Беларусі, уключна з вядомай у гэтым асяродку асобай Яўгенам Адэрыхам па абвінавачанні ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Яўген быў асуджаны да 7 судак арышту, іншыя да 10 сутак. Сярод затрыманых -- аўтары банеру салідарнасці беларускага і ўкраінскага народаў, які планавалася вывесіць падчас матчу.

 

9 кастрычніка, напярэдадні саміту краін-удзельніц СНД і візіту ў Мінск прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна, у судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзёй Вольгай Лістраценка была разгледжана адміністрацыйная справа актывіста моладзевага крыла «Zмена» Паўла Вінаградава. Паўла Вінаградава абвінавацілі ў дробным хуліганстве: нібыта 8 кастрычніка, калі ён прыйшоў у РУУС адзначацца, пачаў лаяўцца і брыдкасловіць у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі мэтанакіравана пішуць у пратаколах, што Вінаградаў прыходзіць да іх у нецьвярозым стане. Супрацоўнікі міліцыі правялі медычны агляд на наяўнасць алкаголю ў 10-00 - прыбор паказаў 0,0. Гэта нідзе не зафіксавалі і адвялі яго ў кабінет. Пасля абеду паказалі паперу, дзе было напісана, што агляд быў у 13-00 і ў яго 1,0 праміле алкаголю. У выніку Паўла Вінаградава пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту «за хуліганства», аштрафавалі на 8 базавых велічынь «за п’янства», і тая ж суддзя вырашыла працягнуць яму тэрмін прэвентыўнага нагляду яшчэ на год. Праваабаронцы расцанілі пераслед Паўла Вінаградава як беспрэцэндэнтную расправу над актывістам, якая не мае нічога агульнага з законнасцю і правасуддзем.

 

9 кастрычніка актывіста і распаўсюджвальніка незалежнай прэсы са Смалявічаў Андрэя Кашэўскага затрымалі, калі ён праходзіў каля ЦУМа ў Мінску ў майцы "Свабоду палітвязьням". Пасля складання трох пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях  (арт.17.1 (дробнае хуліганства, арт.23.34 (несанкцыянаванае масавае мерапремства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі)) яго пакінулі да суду ў пастарунку. 10 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Эдуард Якубоўскі вынес рашэнне аб арышце актывіста на  15 сутак.

 

9 кастрычніка ў Барысаве пасля адборачнага матчу Еўра-2016 Беларусь-Україна, на якім беларускія заўзятары выказвалі салідарнасць з украінцамі, з адбыліся масавыя затрыманні заўзятараў з Украіны і Беларусі. У дачыненні да 29 чалавек былі складзены 32 адміністрацыйныя пратаколы, былі затрыманы да суда 25 чалавек (14 украінцаў і 11 беларусаў). Судовыя працэсы адбыліся 10 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна. Суддзя Самусева разгледзела адміністрацыйныя справы затрыманых ўкраінцаў, якіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП РБ). Згодна з рашэннем суда Андрэй Палішчук арыштаваны на 5 сутак, Астап Лісьюк – 5 сутак, Яна Васількоўская – 5 сутак, Дзяніс Цімафееў - 5 сутак, Юрый Хабалюк -  5 сутак, Аляксандр Лапанаў –  (арт. 17.10- нацыская сімволіка) - 10 сутак; Юрый Альховіч – 5 сутак; Вячаслаў Георгіевіч - 5 сутак, Віталь Немыкін – 5 сутак, Юрый Нецкі - затрыманы за майку "Слава нацыі!" - штраф 7 базавых велічынь, Багдан Ярэмчук - штраф  7 базавых велічынь, Андрэй Дзелюра - штраф 10 базавых велічынь. Прысутны ў судзе ўкраінскі консул заявіў, што амбасада будзе падаваць ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды масавага арышту грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Беларусі. 15 беларускіх заўзятараў былі аштрафаваны кожны на 4 базавыя велічыні. Укараінскія заўзятары былі дэпартаваны з Беларусі, не адбыўшы вызначаныя судом пакаранні.

 

13 кастрычніка жыхар Мінска Міхаіл Мяхедка, які безпаспяхова спрабаваў патрапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага суда, быў затрыманы супрацоўнікамі аховы ў памяшканні суду і дастаўлены ў суд Ленінскага раёна. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34 КаАП РБ) і пакаралі штрафам у памеры 15 базавых велічынь. Справу разглядаў суддзя Аляксей Камушкін.

 

13 кастрычніка ўвечары на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску „Брузгі” быў затрыманы сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Увагу мытнікаў прыцягнулі кнігі Зянона Пазьняка, якія палітыкі вёў з сабой. Яго ссадзілі з рэйсавага аўтобуса з рэчамі і адправілі на дагляд. Кнігі Тэрра Дэй», «Развагі», «Парcіваль» і іншыя былі вынятыя інакіраваны ў Гродзенскі гарвыканкам у камісію па экстрэмізме.

 

15 кастрычніка у Праваабарончым цэнтры “Вясна” адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная розным аспектам прэвентыўных затрыманняў у Беларусі, дзе былі агучаны адпаведныя заганы ў заканадаўстве, тыповыя злоўжыванні праваахоўнікаў і новыя тэндэнцыі ў святле праблемы. Гэтай праблемай праваабаронцы займаюцца не адзін год, і яна стала прадметам даследванняў, вынікі якіх былі прадстаўленыя журналістам. Даклад “Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі” – праца сумеснай місіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая праходзіла ў Беларусі пасля Чэмпіянату свету па хакеі ў чэрвені бягучага года. Увага місіі была сканцэнтраваная на так званых прэвентыўных арыштах, якія аўтары дакладу вызначаюць як “адвольныя затрыманні грамадзянаў, без прававых на тое падставаў, напярэдадні важных палітычных ці грамадскіх падзеяў з мэтай ізаляцыі актывістаў для недапушчэння іх удзелу ў публічных вулічных акцыях, стасункаў з міжнароднымі дэлегацыямі ці прэсай, іншых відах палітычнай і грамадзянскай актыўнасці”. Прадстаўляючы даклад, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што “на сённяшні дзень адвольныя прэвентыўныя затрыманні з’яўляюцца адным з відаў палітычнага пераследу, нароўных з палітычным крымінальным пераследам, і выкарыстоўваюцца ўладамі ў мэтах пераследу актывістаў у сувязі з іх прыналежнасцю да тых ці іншых палітычных групаў і ажыццяўленнем імі мірнай дзейнасці палітычнага характару”. Таксама праваабаронцы агучылі праблему новага парадку: пачалася хваля прыцягнення актывістаў да адказнасці з абцяжарваючымі віну абставінамі - станам алкагольнага ап'янення, у якім яны нібыта знаходзіліся падчас затрымання. Адносна такога роду злоўжыванняў праваахоўнікаў актывістам раяць настойліва патрабаваць правядзення экспертызы ў грамадзянскай установе, каб у далейшым мець дадзеныя для абскарджання.

 

23 кастрычніка сваякі і сябры не змаглі сустрэць Паўла Вінаградава, які раніцай павінен быў вызваліцца з мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) пасля 15-сутачнага арышту. Вінаградава павінны былі адпусціць каля 10.00, аднак да асоб, якія прыйшлі сустракаць Вінаградава, выйшаў начальнік ЦІП Ігар Сакалоўскі і сказаў, што актывіста вывезлі з цэнтра ў 8 гадзін раніцы, куды менавіта — не паведаміў. Пазней высветлілася, што Вінаградава адвезлі ў Маскоўскае РУУС, дзе яго азнаёмілі са зменамі ў парадку адзначэння ў РУУС у сувязі з прэвентыўным наглядам. На наступны дзень, 24 кастрычніка, калі Павел Вінаградаў прыйшоў ва ўпраўленне ўнутраных спраў Маскоўскага раёна Мінска, каб адзначыцца, у яго забралі рэчы і пасадзілі ў дзяжурку, не тлумачачы прычын затрымання. Праз 5 гадзін ён быў вызвалены без складання пратакола. На думку актывіста, адной з прычын яго затрымання мог стаць той факт, што Аляксандр Лукашэнка ў гэты дзень у першай палове дня наведваў раён жылой забудовы Міхалова-2, які знаходзіцца ў гэтым жа раёне. Вінаградаў таксама не выключыў, што міліцыя аказвае на яго ціск з мэтай прымусіць з'ехаць з Мінска.

 

23 кастрчніка ў Гродна мясцовыя спецслужбы сарвалі прэзентацыю рамана пісьменніка Віктара Марціновіча “Мова”. Яна мелася адбыцца ў будынку мясцовага Грэка-каталіцкага цэнтру імя Маці Божай Фацімскай, што па вуліцы Гараднічанскай зусім паблізу міліцэйскага аддзялення. Раней у гэтым царкоўным будынку спакойна праходзілі розныя прэзентацыі і сустрэчы з творчымі людзьмі. У рэлігійны асяродак няпрошаныя “госці” фактычна ўварваліся на самым пачатку культурніцкага мерапрыемства. Прэзентацыя была забаронена. У святара айца Андрэя Крата, прадстаўніка выдавецтва Міраслава Лазоўскага і самога пісьменніка Віктара Марціновіча былі ўзяты пісьмовыя тлумачэнні. Астатніх прысутных палохалі тым, што перапішуць пашпартныя дадзеныя. 24 кастрычніка кіраўнік аддзелу ідэалогіі Гродзенскага выканкаму заявіў, што прэтэнзіяў да пісьменніка няма, а вось адносна святара і выдаўца сітуацыя застаецца няпэўнай: не выключаецца, што іх дзеянні будуць вывучацца на прадмет магчымага адміністрацыйнага правапарушэння.

 

25 кастрычніка ў Мінску без тлумачэння прычын супрацоўнікі міліцыі з прымяненнем спецсродкаў затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту на Партызанскім праспекце нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікам міліцыі грамадзкіх актывістаў з Санкт-Пецярбурга (Расія) - Федаркова Андрэя і Салаўёва Івана. З імі былі затрыманы таксама і жыхар сталіцы. Затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Заводскага раёна Мінска, дзе на іх былі складзены пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў. Два дні да суду яны знаходзіліся ў РУУС. 27 кастрычніка ў судзе Заводскага раёна разглядаліся адміністрацыйныя справы затрыманых. Суддзя Осіпчык асудзіла траіх актывістаў па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і пакарала да розных тэрмінаў арышту: беларускі актывіст атрымаў 10 сутак, а госці з Расіі - па 3 сутак.

 

28 кастрычніка  актывіст Руху «За Свабоду» Уладзіслаў Кошалеў збіраў подпісы за “Народны рэферэндум” ў інтэрнаце аднаго з ПТВ на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску. Гэта не спадабалася намесніку дырэктара па ідэалогіі гэтай навучальнай установы, якая адабрала ў актывіста падпісныя лісты і выклікала міліцыю. Не дачакаўшыся міліцэйскага нараду, Уладзіслаў сыйшоў з інтэрнату. На наступны дзень валанцёр разам з палітыкамі Андрэем Дзмітрыевым і Юрыем Губарэвічам вырашылі сустрэцца з чыноўнікам, каб патлумачыць законнасць збору подпісаў і вярнуць падпісныя лісты. Але падчас размовы намеснік дырэктара ПТВ Казлова зноў выклікала міліцыю, якая затрымала валанцёра і адвезла яго ў РУУС Партызанскага раёна. Там на Кошалева склалі пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Намеснік старшыні Руху «За Свабоду” Юрый Губарэвіч спрабаваў патлумачыць, што пры зборы подпісаў ніякі закон не быў парушаны. У выніку яму прапанавалі прывесці статут арганізацыі і выпіску аб тым, што Кошалеў з’яўляецца сябрам Руху. 31 кастрычніка суддзя суда Партызанскага раёна Мінска Паўлоўская прызнала Уладзіслава Кошалева вінаватым і вынесла пастанову аб арышце на 3 сутак.

 

29 кастрычніка на літоўска-беларускім памежным пераходзе «Каменны Лог» у Дзмітрыя Дашкевіча забралі на экспертызу на наяўнасць экстрэмізму 12 кніг «Чарвяк» - зборніка апавяданняў былога палітвязня. Адносна Дз. Дашкевіча быў праведзены дагляд рэчаў і аўтамабіля. Былы палітвязень вяртаўся з прэзентацыі кнігі «Голас волі в з-за кратаў. Анталогія твораў беларскіх палітвязняў », якая прайшла ў Вільнюсе.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

7 кастрычніка ў Гродзенскім раённым судзе завершыўся разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі па абвінавачанні ў парушэнні артыкула 22.9 частка 2 (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) КаАП. Інтарэсы журналіста ў працэсе прадстаўляў адвакат Андрэй Шчапяткоў. На судовае паседжанне быў выкліканы ў якасці сведкі загадчык кафедры батанікі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алег Созінаў. Менавіта яго каментар, які ён даў Андрэю Мялешку падчас экалагічнага семінару 26 жніўня, стаў падставай для супрацоўнікам міліцыі пачаць адміністрацыйную справу адносна незалежнага журналіста за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. У той дзень у будынку сельскага клубу вёскі Канюхі праходзіў навуковы семінар, прысвечаны заказніку “Нёманская Свіслач”, у час перапынку Мялешка запісаў каментар навукоўца Созінава. Пазней фрагмент гэтага каментара быў размешчаны на інтэрнэт-сайце Беларускага Радыё Рацыя, а таксама на некаторых іншых інтэрнэт-рэсурсах. Інспектар Кастрычніцкага РАУС г. Гродна Курпік, які ажыццяўляў маніторынг інтэрнэт-сайтаў, угледзеў у размешчаным матэрыяле на старонцы Беларускага Радыё Рацыя правапарушэнне, а старэйшы ўчастковы інспектар Піцко склаў пратакол. Суддзя Ганна Лявусік пакарала журналіста адміністрацыйным штрафам – 35 базавых велічыняў.

 

8 кастрычніка суддзя Ленінскага раённага суда г. Магілёва Алена Волкава, прызнаўшы незалежнага журналіста Аляксандра Буракова вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), пастанавіла аштрафаваць яго н 40 бахавых велічынь. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні быў названы канкрэтны прыклад “незаконнай прадукцыі”, якую нібыта “вырабіў і распаўсюдзіў” журналіст – размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова. Артыкулы на сайце рускай службы радыё “Нямецкая хваля” сталі таксама падставай для ператрусу ў яго асабістай кватэры і кватэры ягоных бацькоў 16 верасня.

 

20 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі жыхаркі Оршы Тацяны Сячко, якая 12 жніўня была затрымана падчас распаўсюду ўлётак пра "Народны рэферэндум" па паштовых скрынях. Пасля затрымання спадарыню адпусцілі баз складання пратаколу, але праз тыдзень, 20 жніўня, пратакол пра правапарушэнне ўсё ж быў складзены намеснікам начальніка аддзелу аховы і прафілактыкі правапарадку Сяргеем Бязлюдавым. Ён кваліфікаваў дзеянні Тацяны Сячко паводле артыкула 22.9 КаАП – як парушэнне заканадаўства аб СМІ. 11 верасня ў аршанскім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы. Суддзя Алеся Дранькова пагадзілася з высновамі супрацоўніка міліцыі і пастанавіла аштрафаваць спадарыню. Такім чынам, "за парушэнне заканадаўства аб СМІ" распаўсюдніца ўлётак атрымала штраф памерам 40 базавых велічынь. Аршанскія актывісты звярнуліся ў   Міністэрства інфармацыі па тлумачэнне адносна магчымасці трактаваць улёткі як СМІ. Намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч у адказе адзначыў, што згодна ГОСТу 7.60-2005 "Выданні. Асноўныя віды.Тэрміны і вызначэнні" і тэхнічных умоваў BY 100083317.002-2007 дасланая вамі друкаваная прадукцыя з'яўляецца неперыядычным выданнем і, адпаведна, не з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі". Ліст з Міністэрства інфармацыі Тацяна Сячко ўзяла з сабой на разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе. Па яе хадайніцтве суддзя абласнога суду Святлана Іванова далучыла гэты ліст да судовай справы, аднак на вынік ён не паўплываў: рашэнне суду першай інстанцыі, нягледзячы на тлумачэнні намесніка міністра інфармацыі пра тое, што ўлёткі – гэта не СМІ, і адпаведна, распаўсюд ўлётак нельга лічыць парушэннем заканадаўства аб СМІ – засталося ў сіле.

 

20 кастрычніка падчас інтэрвью з Уладзімірам Някляевым супрацоўнікі міліцыі затрымалі відэааператара Алеся Любянчука і журналістку Марыю Арцыбашаву. Усе яны былі дастаўлены ў апорны пункт. Затрымліваў журналістаў участковы РУУС Савецкага раёна Юрый Чыркоў. Прыкладна праз гадзіну пасля затрымання журналістаў і палітыка вызвалілі пасля праверкі дакументаў без складання пратаколаў і без выняткі рэчаў. Супрацоўнікаў праваахоўных органаў цікавіў запіс, які зрабілі журналісты.

31 кастрычніка кіраўнік Гомельскага Цэнтра стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка па выніку аналізу ўсіх рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН па беларускіх справах забіў выснову, што ў Беларусі найчасцей пераследуюць за выказванне меркаванняў. На дадзены момант Камітэт прыняў 68 рашэнняў па беларускіх справах і выявіў у 34-х з іх парушэнне права на выказванне меркавання. Такім чынам, кожная другая беларуская справа ў ААН тычыцца менавіта парушэнняў права на выказванне меркаванняў. Для зручнасці азнаямлення з названымі справамі праваабаронцы падзялілі іх па катэгорыях: распаўсюд інфармацыі - 13 спраў; выказванне меркавання падчас мірнага сходу - 10 спраў; забарона мірнага сходу - 4 справы; перавозка друкаванай прадукцыі - 3 справы; публікацыя меркавання - 2 справы; пошук інфармацыі - 2 справы.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

1 кастрычніка баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў ліст з Брэсцкага аблвыканкама за подпісам намесніка старшыні Леаніда Цупрыка, у якім паведамлялася, што Баранавіцкаму гарвыканкаму даручана ўнясці змены ў сваё рашэнне № 1497 ад 16.06.2009г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Баранавічы” адпаведна патрабаванням Пастановы Савета Міністраў РБ ад 5 сакавіка 2012 года № 207 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арганізацыі ўзаемадзеяння праваахоўных органаў, арганізатараў масавых мерапрыемстваў і прадстаўнікоў грамадскасці, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”. Праваабаронца адзначыў, што раней заключыць дамову з міліцыяй па ахове грамадскага парадку было практычна немагчыма, і гэта было прычынай, па якой гарвыканкам забараняў пікеты, сходы і мітынгі. Гарадскія ўлады ігнаравалі Пастанову Савета Міністраў, якая не патрабуе заключэння дамовы з ГАУС пры арганізацыі масавага мерапрыемства. Згодна гэтай пастановы, выканаўчы камітэт на другі дзень пасля рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства павінен сам прадставіць копію заявы ў праваахоўныя органы, што якраз у Баранавічах і не выконвалася.

 

2 кастрычніка гомелькія актывісты Пётр Кузняцоў, Юры Захаранка, Анатоль Паплаўны, Ларыса Шчыракова, ВасільПалякоў і Уладзімір Кацора даведаліся, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне іх права на выказванне меркавання і на правядзенне мірнага сходу. Адпаведнае рашэнне было размешчана на афіцыйным сайце ААН. Справа датычылася правядзення 7 мая 2009 года, у 10-ю гадавіну знікнення міністра МУС Юрыя Захаранкі, акцыі памяці перад будынкам абласнога УУС. Усе яны быліпрыцягнуты да буйных штрафаў, а Уладзімір Кацора -- да адміністрацыйнага арышту.

 

3 кастрычніка бярозаўскія праваабаронцы паведамілі, што дабіліся змены рашэння райвыканкаму ў частцы дамовы з міліцыяй. Ім спатрэбіўся без малога год, каб юрыдычны аддзел райвыканкама ў асобе юрыста Яўгена Кашталяна прывёў рашэнне райвыканкама ў адпаведнасць з Пастановай Саўміна № 207. Згодна з рашэннем райвыканкама, копію дамовы з міліцыяй на абслугоўванне масавага мерапрыемства заяўнікі павінны былі падаваць адначасова з заявай, а згодна з Пастановай -- пасля падачы заявы ў райвыканкам адтуль павінны звярнуцца ў міліцыю на працягу дня для ўзгаднення пытанняў па ахове мерапрыемства. Пастанова Саўміна з’явілася на пачатку 2012 года, але яшчэ ў 2013 годзе падчас суда юрыст райвыканкаму Яўген Кашталян казаў, што мяняць рашэння яны не будуць, “паколькі з Саўміна ім пра гэта не сказалі.” Праваабаронцам прыйшлося звяртацца ў Брэсцкі аблвыканкам, які першапачаткова падтрымаў пазіцыю райвыканкама, у абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, у Мінюст і Савет Міністраў. І вось нарэшце пасля скаргі ў Саўмін справа дайшла да свайго лагічнага завяршэння. На пачатку кастрычніка праваабаронцы атрымалі адпаведнае паведамленне з райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Яўгена Тарасюка. Разам з тым, абсалютна нечакана ў рашэнні райвыканкама, прадстаўленым 14 кастрычніка ў суд Бярозаўскага раёна на судовае паседжанне па іску праваабаронцаў аб забароне пікета 25 жніўня, выявілася, што ва ўжо змененым рашэнні патрабаванне прадстаўлення копіі дамовы адначасова з падачай заявы -- застаецца. На судзе юрыст райвыканкама Яўген Кашталян заявіў, што адмоўлена ў пікеце па прычыне адсутнасці дамовы з міліцыяй законна, таму што, нягледзячы на ўнесенае дапаўненне ў рашэнне, копію дамовы з міліцыяй павінны падаваць адначасова з заявай на пікет.

 

16 верасня сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву адмовілі ў правядзенні двух пікетаў салідарнасці з Украінай. Гэта ўжо другая забарона акцый аднолькавай тэматыкі, і актывіст хоча прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў арганізацый, якія мусяць займацца "абслугоўваннем акцый". Заяўляльнік планаваў акцыі 17 кастрычніка ў парку Мазурына, 20 кастрычніка – у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Адміністрацыі Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў, куды ён звяртаўся, дазволаў не далі. Ні з міліцыяй, ні з цэнтральнай гарадской паліклінікай заключыць дамовы не ўдалося. Дамову пагадзіліся заключыць толькі камунальнікі – прадпрыемства "Віцебскі зеленбуд". З міліцыі адказалі, што будуць заключаць дамову толькі пасля таго, як дадуць дазвол раённыя ўлады, з паліклінікі прыйшла стандартная адпіска: маўляў, мы не можам заключаць папярэднія дамовы, бо не ведаем, якая будзе сітуацыя з захворваннямі у названы дзень.

 

16 кастрычніка Гомельскі абласны суд па пратэсту пракуратуры вобласці перагледзеў рашэнне суда Хойніцкага раёна і адмяніў рашэнне раённай інстанцыі па скарзе актывіста АГП Аляксандра Процкі. 27 ліпеня актывіст планаваў правесці ў Хойніках два пікеты з мэтай актуалізацыі ў грамадстве каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту, а таксама выказвання салідарнасці з украінскім народам у яго імкненні захаваць цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Аляксандр Процка загадзя падаў у райвыканкам адпаведную заяву на правядзенне пікетаў, але райвыканкам адмовіў яму ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Заяўнік не згадзіўся з дадзеным рашэннем, бо палічыў, што такое рашэнне абмяжоўвае яго правы, і абскардзіў яго ў судзе Хойніцкага раёна. Раённы суд стаў на бок актывіста АГП, і 5 верасня прыняў рашэнне: прызнаць скаргу Аляксандра Процкі абгрунтаванай і адмяніць рашэнне мясцовага райвыканкаму аб адмове ў правядзенні пікету. На падставе рашэння суду Хойніцкага раёну Аляксандр Процка звярнуўся ў райвыканкам зноў з патрабаваннем дазволіць правесці пікет. Але ў справу ўмяшалася абласная пракуратура, якая вынесла пратэст на рашэнне раённага суду. А прэзідыум абласнога суду адмяніў рашэнне ніжэйшай інстанцыі і запатрабаваў вынесці па справе новае рашэнне.

 

23 кастрычніка стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне беларскімі ўладамі правоў віцебскіх актывістаў Ігара Базарава, Валерыя Аляксандрава і Сяргея Каваленкі па падзеях 25 сакавіка 2009 года. У той дзень святкаванне скончылася для актывістаў затрыманнем, а праз два дні Кастрычніцкім райсудом яны былі пакараныя штрафамі памерам 2 базавыя велічыні. Згодна з рашэннем суддзі Алены Казілавай, удзельнікі акцыі праводзілі несанкцыянаванае шэсце, калі выйшлі на плошчу Свабоды з бел-чырвона-белымі сцягамі і паспелі прайсці некалькі метраў, пакуль іх не затрымала міліцыя. Усіх траіх абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Спробы Ігара Базарава і Валерыя Аляксандрава абскардзіць гэтае рашэнне ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах не далі выніку. Паводле рашэння КПЧ ААН, улады парушылі частку 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоднае выказваньне свайго меркавання), а ў адносінах да Базарава быў парушаны яшчэ і артыкул 21 Пакту (права на мірныя сходы).

 

23 кастрычніка грамадская актывістка Анжаліка Камбалава атрымала ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася пра забарону правядзення пікета, прысвечанага 77-х угодкам “крыштальнай ночы” беларускай культуры. Чыноўнік лічыць, што заяўніца адзіночнага пікету Анжаліка Камбалава парушыла абзац 5 арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы”, не заключыўшы дамовы па абслугоўванні пікета з міліцыяй, медыкамі і камунальшчыкамі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года супрацоўнікі НКУС расстралялі ў мінскай турме 22 беларускіх пісьменнікаў і больш 80 прадстаўнікоў інтэллігенцыі Беларусі.

 

29 кастрычніка віцебскі праваабаронца Павел Левінаў атрымаў з Віцебскага гарвыканкаму пісьмову забарону на правядзенне адзінаасобнага вулічнага шэсця ў сувязі з невыкананнем патрабаванні рашэння гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску". У якасці маршруту праваабаронца пазначыў дарогу ад свайго дому да крамы "Віцебскія прадукты". Заяўка ў гарвыканкам была пададзена, бо маршрут у краму праходзіць па тэрыторыі двух раёнаў – Кастрычніцкага і Першамайскага. Забарона атрымана ў сувязі з тым, што заяўнік не заключыў дамовы на абслугоўванне маёй адзінаасобнай акцыі супрацоўнікамі міліцыі, паліклінікі і службы ЖКГ. Павел Левінаў падрыхтаваў заяву ў суд наконт забароны шэсця. Праваабаронца лічыць, што патрабаванні рашэння гарвыканкаму №881 невыканальныя – адпаведна, трэба прадэманстраваць уладам абсурднасць такіх дакументаў. Ён на сваім прыкладзе вырашыў прадэманстраваць, што з такім падыходам пад парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах можна падвесці ўсё што заўгодна, у тым ліку персанальны паход краму. За апошнія 5 гадоў, з часу прыняцця гэтага рашэння, у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі паводле ініцыятывы мясцовых актывістаў. Павел Левінаў перакананы, што ўмовы атрымання дазволу на масавыя мерапрыемствы ў Віцебску трэба мяняць, бо яны невыканальныя.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

1 кастрычніка на бабруйскім заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) не працягнулі працоўныя кантракты з двума сябрамі Свабоднага прафсаюза Беларускага - наладчыкам 6-га разраду Аляксандрам Варанкіным і наладчыкам 5-га разраду Аляксандрам Грамыка. За прафесіяналаў сваёй справы заступіліся іх непасрэдныя начальнікі і калегі, але супраць іх настойліва выступіў дырэктар завода Аляксандр Аграновіч. 7 кастрычніка стала вядома, што адміністрацыя завода ТДіА не працягнула кантракты яшчэ з трыма сябрамі пярвічкі СПБ -- Алегам Шаўчэнкам, Аляксандрам Бенасікам і Мікалаем Жыбулем. Мікалаю Жыбулю заставалася дапрацаваць да пенсіі ўсяго два гады. Ён адпрацаваў на ТДіА 30 гадоў, але раптам яго скарацілі "ў сувязі з аптымізацыяй колькасці працоўных". Пры гэтым завод пастаянна рамяшчае аб'яўкі аб пошуку рабочых. Сябры СПБ звязваюць непрацягненне кантрактаў з прафсаюзнай прыналежнасцю, а таксама з тым, што яны не баяліся адстойваць працоўныя правы.

17 кастрычніка стала вядома, што Вярхоўны суд не задаволіў скаргу сябра кампаніі “Гавары праўду” Аляксандра Кузьміна з Белаазёрска, які прасіў адмяніць судовыя пастановы наконт правамоцнасці пісьмовага папярэджання, вынесенага Бярозаўскай пракуратурай па арт. 193.3 Крымінальнага кодэкса – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пісьмовае папярэджанне актывіст атрымаў у сакавіку 2013 г. ад пракурора Бярозаўскага раёна. Прыцягнуць Кузьміна да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі прасіў у сваім прадстаўленні супрацоўнікам Бярозаўскага РАУС цяпер ужо былы старшыня Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслаў Дамброўскі. Бярозаўская міліцыя ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовіла, не ўбачыўшы ў грамадскіх кампаніях, якія праводзіліся прыхільнікамі “Гавары праўду”, прыкмет арганізацыі. Разам з тым, пракуратура Бярозаўскага раёна прыкметы арганізацыі ўбачыла і вынесла Аляксандру Кузьміну папярэджанне па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса. Вярхоўны суд таксама прызнаў, што пракуратура Бярозаўскага раёна правільна адрэагавала на дзеянні Кузьміна. Адказ падпісаны намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Андрэем Забарам.

21 кастрычніка студэнты магілёўскага філіяла “Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” паведамілі, што дырэктар навучальнай установы Мікалай Алданаў прымушае іх уступаць у БРСМ. Са словаў Мікалая Алданава, тыя, хто не папоўніць шэрагі прадзяржаўнай арганізацыі, могуць сутыкнуцца з  праблемамі са здачай іспытаў і залікаў. Па словах студэнтаў, нават нягледзячы на пагрозы дырэктара, напісалі заявы на ўступленне ў БРСМ не болей за 20 чалавек з амаль 120.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства