За журналіста Алеся Буракова ўзялася падаткавая інспекцыя
Падаткавікі Ленінскага раёна Магілёва прапануюць незалежнаму журналісту прыйсці ў інспекцыю 20 лістапада 2014 года да намесніка начальніка аддзела спадарыні Каральковай. Нагода для візіта – падача падаткавых дэкларацый (разлікаў) па падаходнаму падатку з фізічных асобаў за 2010-2013 гады (даходы, якія былі атрыманыя з-за мяжы). Пры сабе падаткавікі просяць мець пашпарт, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць рэзідэнцтва ў Расійскай Федэрацыі.
Алесь Буракоў адзначае, што гэта ўжо трэцяя падобная позва з падаткавай інспекцыі за апошнія некалькі месяцаў:
- Яны самі не ведаюць, што ад мяне хочуць. Першы выклік быў 1 ліпеня, і я перакананы, што яго інспераваў наш КДБ, а не падаткавікі. Хацелі, каб я запоўніў дэкларацыю аб прыбытках. Другі візіт супаў з заведзенай на мяне маёрам Пугачовым адміністрацыйнай справай нібыта за парушэнне мной заканадаўства аб СМІ, у адпаведнасці з якім я супрацоўнічаў с замежным СМІ без акрэдытацыі і быў за гэта пакараны штрафам у памеры 6,5 мільёнаў рублёў. Тым часам я казаў, што каля трох гадоў працаваў на тэрыторыі Расіі.
Алесь Буракоў падкрэслівае, што ў міліцыі праваахоўнікі шукалі ў канфіскаваным у яго кампутары ўсё, што датычылася ганарараў, грошай, сайтаў “Свабоднага фармату” і “Дойчэ Вэле”. Гэта вынікала з рапарту маёра Пугачова.
- Натуральна, што нічога не знайшлі. Мяне ва ўсім гэтым здзіўляе той факт, што позвы і апавяшчэнні з дзяржаўных органаў да мяне даходзяць поштай, а вось адказы з пракуратуры і суда недзе губляюцца, - кажа журналіст.
Алесь Буракоў адзначае, што падаў касацыю з нагоды вынесенага яму штрафа ў памеры 6,5 мільёны рублёў, і судовае пасяджэнне з гэтай нагоды адбудзецца 20 лістапада. Дзіўным чынам дата суда супала з візітам у падаткавую. Журналіст падкрэслівае, што такім чынам яму спрабуюць перашкодзіць у падрыхтоўцы да судовага працэсу.