Перыядычны даклад Беларусі Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць у ліпені 2015 года
Разгляд перыядычнага дакладу Беларусі у Камітэце па правах чалавека ААН перанесены з 113 сесіі (сакавік 2015 г.) на 114 сесію, якая адбудзецца ў ліпені 2015 года. Інфармацыя пра гэта з’явілася на вэб-сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Паводле інфармацыі праваабаронцы Рамана Кісляка, апошні беларускі перыядычны даклад у рамках працэдуры, вызначанай арт. 40 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, быў разгледжаны ў Камітэце ў кастрычніку 1997 года. У сваіх апошніх заўвагах Камітэт указаў, што чарговы перыядычны даклад Беларусь павінна прадставіць да 7 лістапада 2001 года. Беларусь прадставіла інфармацыю па правах чалавека, але толькі з 10-гадовай затрымкай – 15 снежня 2011 года.
На сесіі Камітэта ў ліпені будучага года адбудзецца толькі першы этап гэтай справаздачы. Перад дзяржавай на аснове прадстаўленай ёй справаздачы і інфармацыі, атрыманай ад няўрадавых арганізацый, будуць пастаўлены канкрэтныя пытанні па вызначаных праблемах у сферы грамадзянскіх і палітычных правоў, на якія Беларусь павінна адказаць. На адной з чарговых сесій будуць разгледжаны адказы дзяржавы на гэтыя пытанні. І толькі пасля гэтага Камітэт вынясе свае заўвагі і рэкамендацыі па дакладу дзяржавы.
Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць пытанні выканання паладэнняў Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах у Беларусі за тэрмін з лістапада 1997 па сакавік 2015 года.
У кастрычніку 2009 года Камітэт па правах чалавека ААН прыняў новую працэдуру разгляду дакладаў ад дзяржаваў, згодна з якой дзяржавам-удзельнікам дасылаецца шэраг пытанняў да дакладаў і разглядаюцца пісьмовыя адказы. Згодна з гэтай працэдурай, адказ дзяржавы-удзельніцы і будзе расцэньвацца як перыядычны даклад для мэтаў арт. 40 Пакта. Працэдура разгляду перыядычных дакладаў прадугледжвае таксама прадстаўленне ў Камітэт альтэрнатыўнай інфармацы аб выкананні Пакта дзяржавай з боку праваабарончых недзяржаўных арганізацый.