Жыхарка Бярозы, у якой знішчылі забудовы, скардзіцца ў пракуратуру і Следчы камітэт
Пакуль Аксана Якушык знаходзілася ў кабінеце начальніка міліцыі, а ён абяцаў дапамогу, работнікі ЖКГ дзейнічалі бульдозерамі на яе прыватнай сядзібе, а побач дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі.
-Як я зразумела пазней, пакуль я сядзела на прыёме ў начальніка міліцыі Андрэя Леанюка і прасіла яго дапамогі, каб больш на мой участак ніхто не пасягаў, ён сваім абяцаннем дапамогі проста адцягваў час, бо ведаў, што пакуль я ў яго кабінеце, разбурэнне маёй маёмасці працягваецца далей.
Жанчына напісала скаргі ў Следчы камітэт і пракурору Бярозаўскага раёна. Яна просіць узбудзіць крымінальную справу на работнікаў ЖКГ, датычных да зносу забудоў і знішчэння маёмасці без адкрыцця выканаўчай вытворчасці аб прымусовым высяленні.
Аксана Якушык таксама зрабіла запіс у кнізе заўваг і прапаноў у міліцыі, што незаконныя і бяспраўныя дзеянні работнікаў ЖКГ у дачыненні да яе прыватнай маёмасці рабіліся пад аховай супрацоўнікаў Бярозаўскага РАУС.