У многіх рэгіёнах Беларусі тэлеканал "РТР" перакрываецца сігналамі абласных дзяржаўных тэлерадыёаб'яднанняў.
Апошнімі днямі з розных рэгіёнаў Беларусі прыходзяць звесткі пра перакрыццё тэлеканала "РТР" сігналам абласных дзяржаўных тэлерадыёаб'яднанняў. Днямі інфармацыя пра гэта паступіла ў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" з Валкавыску; у "Камсамольскую праўду" прыйшлі гэткія ж весткі з Ліды; карэспандэнт радыё "Свабода" паведаміў пра аналагічную сітуацыю ў Брагіне, Жлобіне, Мазыры.
Як заявілі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў " у прэс-службе Белдзяржтэлерадыёкампаніі, у сувязі з тым, што з 18-га кастрычніка пачынае вяшчанне "першы беларускі сямейны тэлеканал "Лад", у краіне адбылося "пераразмеркаванне частотнага рэсурса". Схемы, паводле якой адбываецца перакрыццё "РТР" у розных рэгіёнах краіны, у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі не ведаюць. Прэс-служба паабяцала распаўсюдзіць гэтую інфармацыю, "як толькі яна з'явіцца". Міністэрства інфармацыі, са свайго боку, сцвярджае, што не займаецца гэтым пытаннем і пераадрасоўвае да Белтэлерадыёкампаніі.