Гомельскі абласны суд не задаволіў скаргу праваабаронцы Уладзіміра Целепуна
11 лістапада калегія Гомельскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу на рашэнне суда Мазырскага раёна па забароне пікета праваабаронцу Уладзіміру Целяпуну. Скаргу абласны суд пакінуў без задавальнення.
Адзіны пазітыўны момант - працэс разгляду скаргі ў касацыйным парадку адзначыўся тым, што было задаволена хадайніцтва праваабаронцы аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Скарга і пытанні да Уладзіміра Целяпуна, агучванне рашэння былі на беларускай мове.
«На пытанне аднаго з суддзяў – ці паўплывала на рашэнне Мазырскага райсуда тое, што працэс не вёўся на беларускай мове, я адказаў, што рашэнне было прагназуемым, аднак невыкананне норм працэсуальнага права ГПК па ігнараванні мовы, якой карысталася адна з юрыдычна зацікаўленых у выніку справы асоб, разглядаю як праявы знявагі, дыскрымінацыі па моўнай і нацыянальнай прыкмеце», - падкрэсліў заяўнік.
Ён звяртае ўвагу на такі момант: калі суд першай інстанцыі не задаволіў хадайніцтва аб прысутнасці на працэсе пракурора, то зараз, у абласным судзе, калі надышла чарга да разгляду справы праваабаронцы, пракурор пакінула памяшканне судовага паседжання.
Нагадаем, мазырскія ўлады не дазволілі праваабаронцу правесці пікет у раённым цэнтры. Суд Мазырскага раёна не задаволіў яго скаргу адносна гэтай забароны.
Уладзімір Целяпун не згадзіўся з рашэннем раённага суду. Ён прыйшоў да высновы, што суд не дастаткова і не ў поўнай ступені разгледзеў яго скаргу і вынес рашэнне.
У заяве ў суд праваабаронца нагадваў, што дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Згодна закону «Аб масавых мерапрыемствах», кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа альбо яго намеснік пры разглядзе заявы ў мэтах забеспячэння правоў і свабод грамадзян, грамадскай бяспекі, а таксама годнага функцыянавання транспарту і ўстаноў мае права па ўзгадненню з арганізатарам масавага мерапрыемства змяніць дату, месца і час яго правядзення. У выпадку з заяўкай на пікет праваабаронцы ніхто з уладаў не намагаўся забяспечыць правы заяўніка, змяніць дату ці места правядзення.
Згодна заканадаўству, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства накіроўвае яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку, забеспячэннем грамадскай бяспекі і выпрацоўцы адпаведных прапановаў. «Такая працэдура не была выканана, аб чым сведчыць адказ часова выконваючага абавязкі начальніка Мазырскага РАУС В.В.Пакштаса. Пікетаванне – публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых ці іншых інтарэсаў альбо пратэсту. Раённы суд не высветліў і не даў тлумачэння факту «публічнасці» мерапрыемства: якое публічнае выказванне магчыма ажыццявіць на стадыёнах, якія агароджаныя высокімі платамі?» - ставіў пытанні ў касацыйнай скарзе Уладзімір Целяпун.
Раённы суд таксама не задаволіў хадайніцтва і не прадставіў па ім пісьмовага вызначэння і рашэння на беларускай мове, як таго патрабаваў заяўнік.
«Мая скарга, выступы, пытанні былі на беларускай мове. Хто перакладаў мае словы з беларускай на рускую? Такім жа чынам магчыма было б зрабіць і наадварот – з рускай на беларускую», - дадаў праваабаронца.
Пасля раённага суда Уладзімір Целяпун зрабіў высновы, што рашэнне, прынятае судом Мазырскага раёна, не з’яўляецца кампетэнтным (склад суда не валодае ў межах сваёй кампетэнцыі дзяржаўнай беларускай мовай), справядлівым (праігнараваны патрабаванні Канстытуцыі) і бесстароннім (мне, беларусу, беларускім судом ад імя Рэспублікі Беларусь адмоўлена ў праве атрымаць рашэнне беларускага суда на дзяржаўнай беларускай мове).