У Вярхоўным судзе Беларусі распачаліся працэсы ў справе ліквідацыі двух жаночых аб’яднаньняў — фонду “Касіяпэя” і арганізацыі “Жаночы адказ” (паводле Радыё Свабода).
7 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі распачаліся працэсы ў справе ліквідацыі двух жаночых аб’яднаньняў — фонду “Касіяпэя” і арганізацыі “Жаночы адказ”.
Міністэрства юстыцыі абвінавачвае іх у парушэньні заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў. Кіраўніцы гэтых арганізацыяў лічаць абвінавачаньні юрыдычна неабгрунтаванымі й палітычна матываванымі.
На пачатку паседжаньня ў справе ліквідацыі фонду “Касіяпэя” судзьдзя Вярхоўнага суду Самалюк спытаўся ў прадстаўніка Мінюсту Аляксандра Харытона, ці не хацелі бы бакі мірна вырашыць гэтую справе без судовага ўмяшальніцтва. На гэтую прапанову чыноўнік адказаў:
“Не, міравое пагадненьне немагчымае!”
Абвінавачаньні Аляксандра Харытона наступныя: фонд карыстаецца юрыдычным адрасам, зарэгістраваным на прыватнай кватэры, на блянках арганізацыі няма ўсіх неабходных рэквізытаў, адзін са сходаў фонду ня быў правамоцным, сымболіка арганізацыі на пячатцы і блянку выкананая ня ў колеры і г.д. Да ўсяго чыноўнік абвінаваціў “Касіяпэю” ў супрацоўніцтве зь незарэгістраваным аб’яднаньнем — Асамблеяй няўрадавых арганізацыяў.
Мінюст вынес фонду папярэджаньне 4 жніўня і загадаў за месяц ліквідаваць парушэньні заканадаўства. Але ўжо 12 жніўня чыноўнікі падалі ў суд пазоў аб ліквідацыі арганізацыі, бо, на іхную думку, кіраўніцтва фонду выпраўляць памылкі не зьбіралася.
Старшыня “Касіяпэі” Валянціна Сьвяцкая й яе намесьніца Галіна Сямдзянава абвяргалі абвінавачаньні Мінюсту. На многія вострыя пытаньні жанчын Аляксандар Харытон адказваць адмаўляўся. У выніку судзьдзя перанес разгляд справы на 8 кастрычніка, бо бакі заявілі хадайніцтвы аб далучэньні да справы шэрагу важных дакумэнтаў.
Валянціна Сьвяцкая так пракамэнтавала пабачанае ў судзе: “Паводзіны спадара Харытона сьведчаць, што ён выконвае загад на ліквідацыю тых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія не падабаюцца цяперашняй уладзе. Таму ўсе ягоныя меркаваньні, тлумачэньні тых ці іншых парушэньняў носяць схалястычны характар. І ня маюць ніякіх падставаў”.
Падобным чынам суды ўжо зьліквідавалі шэсьць найбольш актыўных беларускіх грамадзкіх арганізацыяў. На чарзе разгляд ліквідацыйнай справы “Фонду братоў Луцкевічаў” — 14 кастрычніка, праваабарончага цэнтру “Вясна” — 21-га. Таксама пададзены пазоў аб закрыцьці “Незалежнага таварыства праўных дасьледаваньняў”. Гомельскія ўлады хочуць ліквідаваць мясцовую “Асацыяцыю дзяцей і моладзі”. Спробы прадстаўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту абскардзіць у Вярхоўным судзе мінюстаўскае папярэджаньне аказаліся безвыніковымі. Гэтая арганізацыя таксама можа быць у любы момант зьліквідаваная.