Östgruppen: 10 год дзейнасці на карысць дэмакратыі і правоў чалавека (відэа)
Шведская праваабарончая арганізацыя Östgruppen адзначае 10-годдзе сваёй дзейнасці, адным з прыярытэтных напрамкаў якой з’яўляецца Беларусь.
Стварыўшы арганізацыю дзеля працы на карысць дэмакратыі і правоў чалавека ва Усходняй Еўропе, сябры Östgruppen змаглі наладзіць плённую супрацу з арганізацыямі нашага рэгіёну, заўсёды адгукаюцца на надзённыя праблемы калегаў-праваабаронцаў і актыўна распаўсюджваюць адпаведную інфармацыю ўнутры сваёй краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае сталае сяброўства і супрацу з Östgruppen. Імя кіраўніка арганізацыі Марціна Углы добра вядомае і паважанае ў дэмакратычным асяродку Беларусі, сярод праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, культурных дзеячоў. Тым часам для ўладаў ён з’яўляецца непажаданай персонай: за рэзкую крытыку сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Марціну Углу забаронены ўезд у нашу краіну. Гэты крок уладаў, безумоўна, сведчыць пра плённасць шматгадовай працы Östgruppen і яе кіраўніка асабіста на карысць дэмакратыі ў Беларусі. Пэўным падвынікаваннем гэтага перыяду дзейнасці можна назваць кнігу Марціна Углы “Памятка для дыктатара”, якая сёлета выйшла ў свет і праз якую аўтар спадзяецца зрабіць Беларусь больш зразумелай як для ўраду сваёй краіны, так і для шараговага шведа.
Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі адзначае, што меў за вялікі гонар асабіста павіншаваць Östgruppen, узяўшы ўдзел у імпрэзе ў Стакгольме, з якой распачаліся святкаванні 10-годдзя арганізацыі.
Сябра Östgruppen Юн Фрыдгальм, кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі і былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Стакгольм, 23 кастрычніка 2014
Сафія і Марцін Углы. Стакгольм, 23 кастрычніка 2014
Беларускі гурт PortMone на святочнай імпрэзе Östgruppen
Усе сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” далучаюцца да гэтых віншаванняў, зычаць сваім шведскім калегам невычэрпнай энергіі, энтузіязму ў дасягненні ўсіх пастаўленых мэтаў і бязмежна дзякуюць за падтрымку.