viasna on patreon

“Гэтае рашэнне іншым словам чым абсурд назваць вельмі складана”

2014 2014-11-03T14:39:08+0300 2014-11-03T15:48:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/litvina-zhanna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жанна Літвіна, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў

Жанна Літвіна, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў

Старшыня грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна выказала словы падтрымкі праваабаронцы Алене Танкачовай,  якая па рашэнні ўладаў  пазбаўленая віда на жыхарства  і яе чакае верагоднае выдварэнне  з Беларусі.

“Абсалютна кожнаму, хто займаецца праваабарончай дзейнасцю, хто працуе ў грамадзянскай супольнасці Беларусі, добра вядома імя Алены Танкачовай, асобы актыўнай і высокапрафесійнай. Мяркую, што тыя падзеі, якія зараз разгортваюцца вакол гэтага імя, нейкім чынам можна разглядаць як пакаранне за яе праваабарончую актыўнасць.

Шмат што нас аб’ядноўвае па сумеснай працы. Так, напрыклад, нашыя арганізацыі – Цэнтр прававой трансфармацыі і Беларуская асацыяцыя журналістаў – спрычыніліся да правядзення сумеснай кампаніі за доступ журналістаў да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных установаў,  яны паралельна з намі аналізавалі магчымасць доступу да інфармацыі сайтаў дзяржаўных органаў улады. Здараліся і іншыя кропкі ўзаемадачыненяў.

А вось гэтае рашэнне іншым словам чым абсурд, назваць вельмі складана і цяжка. Прыкра, што гэта не адзіны выпадак, калі дэпартацыя адбываецца з дапамогай такога вось механізму пакарання за актыўнасць і грамадзянскую пазіцыю. Прыгадваецца сітуацыя з Паўлам Свярдловым, калі ён яшчэ працаваў на “Еўрапейскім радыё” і за адміністрацыйнае парушэннне яго пазбаўлялі акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі. З гэтай, можа і не зусім дарэчнай, паралелі бачна, што ўлады шукаюць нейкія дробязныя зачэпкі, але калі правапарушэнне адбываецца ў сферы дарожнага руху, то відаць і меры спагнання павінны ўжывацца іншыя, адэкватныя сітуацыі. А за перавышэнне хуткасці караць высылкай з краіны чалавека, які пражыў у Беларусі амаль 30 гадоў, які мае тут маёмасць, дачку, дарэчы, грамадзянку Беларусі, канешне, гэта проста абсурд.

Хачу пажадаць Алене вытрымкі, цвёрдасці, сітуацыя гэтая сапраўды недарэчная, і нейкім чынам выправіцца, толькі ўсё гэта трэба годна і мужна вытрымаць", - упэўненая Жанна Літвіна.

Пытанне аб ануляванні віду на жыхарства Алены Танкачовай будзе вырашацца 5 лістапада. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства