Уладзімір Малей: “Праца праваабаронцаў ніколі не была лёгкай”
Беларускія праваабаронцы былі, ёсць і будуць -- хочуць гэтага ўлады ці не, кажа праваабаронца з Брэста Уладзімір Малей.
- Вы ўжо шмат гадоў займаецеся праваабарончай дзейнасцю. Як вы можаце ацаніць стаўленне да праваабаронцаў з боку ўладаў?
- Праца праваабаронцы ніколі не была лёгкай. Былі перыяды асаблівага ціску, улады не згодныя, што мы ёсць, што аказваем людзям бясплатную дапамогу. Аказваўся не толькі ціск на нас, але і распаўсюджвалася розная інфармацыя, якая ганьбіла нашу дзелавую рэпутацыю. Але якія б жорсткія ўмовы для працы ні былі, праваабаронцы дзейнічаюць уБеларусі ёсць ва ўсіх абласцях.
- Ці адчуваеце вы выніковасць вашай працы і дапамогі?
- Апошнім часам усё часцей дапамагаем грамадзянам звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, калі яны не знаходзяць абароны ў сваёй дзяржаве. Гэта права на асацыяцыю, на мірныя сходы, распаўсюд інфармацыі, справядлівае судовае разбіральніцтва. Канешне, гэта працэдура няхуткая, прыходзіцца доўга чакаць рашэння Камітэту. Напрыклад, брэсцкім вернікам, якія адмовіліся мяняць пашпарты савецкага ўзору на беларускія, якія, па іх перакананнях, утрымліваюць у індыфікацыйным нумары д’ябальскі лік, адказу прыйшлося чакаць 7 гадоў. Нагадаю, што за адмову атрымліваць беларускія пашпарты ім не налічвалі пенсіі, і як жылі людзі, ня якія сродкі гэты час – аднаму Богу вядома. Такіх у Беларусі каля 500 чалавек. Нягледзячы на тое, што ў рэшце рэшт Камітэт прызнаў скаргу вернікаў непрымальнай, кантактаванне з беларускім урадам дало свой плён: за гэты час Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што патрэбна зрабіць спецыяльныя пасведчанні, па якіх гэтыя грамадзяне змогуць атрымліваць пенасіі. Думаю, што ў гэтай справе ёсць вялікі ўнёсак праваабаронцаў.
- Ці шмат спраў, якія заканчваюцца станоўча?
- У Брэсце выло вырашана пытанне пра ўнясенне зменаў у рашэнне Брэсцкага гарвыканкама аб правядзенні масавых мерапрыемстваў згодна Пастановы Саўміна № 207. Цяпер заяўляльнікам не трэба прадстаўляць дамову з РАУС, як гэта было ранней, а гарвыканкам пасля атрымання заявы сам дамаўляецца з міліцыяй наконт аховы масавага мерапрыемства. Працуем з нашымі калегамі над тым, каб такія змены адбыліся ў Бярозе і Баранавічах.
Разам з тым, ёсць справы, якія фактычна немагчыма выйграць. Напрыклад, датычныя звальнення па заканчэння кантракта, бо згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 29 працадаўца можа нават не паясняць прычыны, чаму звольніў. Часта звальняюць высокапрафесійных, сумленных спецыялістаў, як, напрыклад, выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага медычнага каледжа Аляксандра Мельніка пасля ўдзелу ў выбарах.
- Шмат да вас звяртаецца людзей?
- Па 15-20 чалавек у месяц прыходзіць на прыём і столькі ж звяртаецца па тэлефоне. Усім стараемся дапамагчы як можам.
- Нашым грамадзянам хапае настойлівасці і смеласці ісці да канца ў абароне сваіх правоў?
- Бывае па-рознаму. Кантрактная сістэма, якая ставіць у поўную залежнасць работніка ад працадаўцы, не дае магчымасці чалавеку разагнуцца, робіць яго ціхім, памяркоўным. Ідуць да канца тыя, якім ужо няма чаго губляць, ніякай надзеі на паляпшэнне сітуацыі.