Пракуратура Шклоўскага раёна “рассакрэціла” асобу, якую яна папярэдзіла
Толькі пасля паўторнага звароту ў пракуратуру Шклоўскага раёна намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў нарэшце змог даведацца, каго ж пракуратура папярэдзіла за несвоечасовыя адказы на яго звароты.
22 кастрычніка Рыгор Кастусёў атрымаў адказ з пракуратуры Шклоўскага раёна на свой паўторны зварот у гэтую ўстанову. Выконваючы абавязкі пракурора Шклоўскага раёна І. Алданава нарэшце паведаміла Рыгору Кастусёву, хто з супрацоўнікаў Шклоўскага райвыканкама папярэджаны за несвоечасовыя адказы на яго пісьмовыя звароты.
“Удадатак да раней прадстаўленай інфармацыі паведамляю, што 22 вераспя 2014 г. у сувязі з парушэннем заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб пракурорам Шклоўскага раёна вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб начальніку аддзела са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Шклоўскага райвыканкама Ігнатовіч Т. Л.”, - напісала в. а. пракурора раёна.
Па словах Рыгора Кастусёва, ён спадзяецца, што зараз Тамара Леанідаўна Ігнатовіч будзе больш добрасумленна выконваць свае працоўныя абавязкі. Для яго застаецца незразумелым, чаму Шклоўская пракуратура прыхоўвала прозвішча гэтай райвыканкамаўскай чыноўніцы, якая не выконвала свае прамыя службовыя абавязкі і якой было вынесена папярэджанне пракурорам раёна.
Нагадаем, што намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 7 верасня накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка.
У сваёй скарзе Рыгор Кастусёў, які стала пражывае ў Шклове, прасіў пракурора Магілёўскай вобласці прыняць меры да парушальнікаў беларускага заканадаўства ў пытаннях працы са зваротамі грамадзян з Шклоўскага райвыканкама.
Падставай для напісання скаргі паслужыла тое, што ў парушэнне закона аб зваротах грамадзян шклоўскія чыноўнікі не давалі Рыгору Кастусёву абгрунтаваныя адказы на яго звароты у Шклоўскі райвыканкам ва ўстаноўленыя законам тэрміны на працягу некалькіх месяцаў. Ліст аб разглядзе яго прапаноў са Шклоўскага райвыканкама даслалі толькі пасля зваротаў спадара Кастусёва ў пракуратуру Шклоўскага раёна і Магілёўскі аблвыканкам.
25 верасня пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі паведаміў Рыгору Кастусёву, што ім устаноўлена, “што пісьмы, якія паступілі ў Шклоўскі райвыканкам 25 красавіка і 16 чэрвеня 2014 ім разгледжаны і, па меркаванню райвыканкама, выкладзеныя ў іх прапановы не маюць практычнага значэння для жыццядзейнасці і развіцця раёна, у сувязі з чым 22 жніўня 2014 г. Вам дадзены адказ.
У сувязі з парушэннем заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб службовай асобе Шклоўскага райвыканкама, у чые службовыя абавязкі ўваходзіла арганізацыя падрыхтоўкі і накіраванне Вам адказу, 22 верасня 2014 г. пракурорам Шклоўскага раёна вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
Адказ Дзмітрыя Лянчэўскага не задаволіў Рыгора Кастусёва і ён паўторна звярнуўся ў пракуратуру Шклоўскага раёна з патрабаваннем назваць канкрэтных асоб з ліку працаўнікоў Шклоўскага райвыканкама, якім вынесена афіцыйнае папярэджанне.
Рыгор Кастусёў мяркуе, што ўжо ў бліжэйшы час чальцы грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат” накіруюць свае чарговыя прапановы ў Шклоўскі райвыканкам. Тады і будзе бачна, ці навучыліся шклоўскія чыноўнікі працаваць са зваротамі грамадзян у адпаведнасці з беларускімі законамі.