КПЧ ААН прызнаў, што Беларусь парушыла правы жыхароў Віцебска, асудзіўшы за акцыю 25 сакавіка 2009 года
Акцыя ў Дзень Волі 25 сакавіка 2009 года скончылася для Ігара Базарава і Валерыя Аляксандрава затрыманнем. А праз два дні Кастрычніцкім райсудом яны былі пакараныя штрафамі памерам 2 базавыя велічыні.
Згодна з рашэннем суддзі Алены Казілавай, удзельнікі акцыі – Ігар Базараў, Валерый Аляксандраў у Сяргей Каваленка – праводзілі несанкцыянаванае шэсце, раз выйшлі на плошчу Свабоды з бел-чырвона-белымі сцягамі і паспелі прайсці некалькі метраў, пакуль іх не затрымала міліцыя. Усіх траіх абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Спробы Ігара Базарава і Валерыя Аляксандрава абскардзіць гэтае рашэньне ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах не далі выніку.
Паводле рашэння КПЧ ААН, улады парушылі частку 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоднае выказваньне свайго меркавання), а ў адносінах да Базарава быў парушаны яшчэ і артыкул 21 Пакту (права на мірныя сходы).
"Як адзначыў Камітэт, у рашэннях, прынятых у дачыненні да віцебскіх актывістаў, калі ўводзяцца нейкія абмежаваньні правоў, дзяржава павінна растлумачыць, дзеля дасягнення якіх легітымных мэтаў правы абмяжоўваюцца. Аднак урад Беларусі не растлумачыў, якім чынам маўклівы рух трох чалавек па ходніках у абедзенны час парушыў правы і свабоды іншых людзей або стварыў пагрозу нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку. Таму Камітэт прыйшоў да высновы, што пераслед Базарава і Аляксандрава за іх удзел у мірным сходзе, хаця ён і не быў санкцыянаваны ўладамі, з’яўляецца неабгрунтаваным абмежаваннем правоў", -- піша "Віцебская вясна".
Згодна з рашэннем КПЧ, Беларусь, як удзельнік Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязаная забяспечыць віцебскім актывістам эфектыўныя сродкі прававой абароны, а таксама кампенсацыю выдаткаў – вярнуць грошы, сплачаныя ў якасці штрафаў.