Цудаў не адбылося: рашэнне суду Хойніцкага раёна аб незаконнасці адмовы ў правядзенні пікету -- адменена
Гомельскі абласны суд па пратэсту пракуратуры вобласці перагледзеў рашэнне суду Хойніцкага раёна і адмяніў рашэнне раённай інстанцыі па скарзе актывіста АГП Аляксандра Процкі. Нагадаем, 27 ліпеня актывіст АГП планаваў правесці ў Хойніках два пікеты з мэтай актуалізацыі ў грамадстве каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту, а таксама выказвання салідарнасці з украінскім народам у яго імкненні захаваць цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Аляксандр Процка загадзя падаў у райвыканкам адпаведную заяву на правядзенне пікетаў, але райвыканкам адмовіў яму ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Заяўнік не згадзіўся з дадзеным рашэннем, бо палічыў, што такое рашэнне абмяжоўвае яго правы, і абскардзіў яго ў судзе Хойніцкага раёна.
Цікава, што раённы суд стаў на бок актывіста АГП, і 5 верасня прыняў рашэнне: прызнаць скаргу Аляксандра Процкі абгрунтаванай і адмяніць рашэнне мясцовага райвыканкаму аб адмове ў правядзенні пікету.
Варта заўважыць, што у Гомелі і вобласці за апошнія дзесяць гадоў улады не дазволілі правядзенне ніводнага пікету ці мітынгу, якія планаваліся па ініцыятыве актывістаў дэмакратычнага руху і апазіцыйных партый. Абскарджванні рашэнняў выканаўчых органаў у судзе не прыносілі яшчэ плёну: суд станавіўся на бок гарадскіх і раённых выканкамаў.
На падставе рашэння суду Хойніцкага раёну Аляксандр Процка звярнуўся ў райвыканкам зноў з патрабаваннем дазволіць правесці пікет. Але тут у справу ўмяшалася абласная пракуратура, якая прынесла пратэст на рашэнне раённага суду. А прэзідыум абласнога суду адмяніў рашэнне ніжэйшай інстанцыі і запатрабаваў вынесці па справе новае рашэнне. Якім будзе новае рашэнне суду Хойніцкага раёну – можна не сумнявацца.