Палітвязьня Васьковіча перавядуць у папраўчую калёнію
Бліжэйшым часам Яўгена Васьковіча перавядуць з магілёўскай турмы № 4 у магілёўскую калёнію № 15. У палітвязьня сканчаецца трохгадовы тэрмін адбыцьця пакараньня ў турме строгага рэжыму.
12 кастрычніка 2011 году паводле рашэньня атэстацыйнай камісіі Яўген Васьковіч быў абвешчаны злосным парушальнікам і пераведзены ў магілёўскую турму строгага рэжыму.
«У турме Яўген прайшоў празь ціск, абмежаваньні, шматлікія зьмяшчэньні ў ШЫЗА. 247 — дакладная колькасьць сутак, якія Яўген правеў у штрафным ізалятары магілёўскай „крыткі“. Ён вытрымаў. Падпісваць прашэньне аб памілаваньні палітвязень неаднаразова катэгарычна адмаўляўся», — адзначае прэс-служба БХД.
Яўген Васьковіч асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна будынку КДБ у Бабруйску.