viasna on patreon

Магілёў: штраф за перавозку газеты “НАШ Магілёў” і бюлетэня “Сацыял-дэмакрат” пакінуты ў сіле

2014 2014-09-25T12:47:23+0300 2014-09-25T12:47:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/111barysauiharmahileucr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Сёння, 25 верасня, Магілёўскі абласны суд у асобе суддзі Мікалая Гладкага пакінуў у сіле рашэнне Магілёўскага раённага суда з нагоды прысуджэння штрафу ў памеры 30 базавых велічынь і канфіскацыі амаль 12 тысяч газет у намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігара Барысава.

З рашэннем суда сацыял-дэмакрат не згодзен і мае намер абскардзіць яго ў вышэйстаячай інстанцыі ў самы бліжэйшы час.

-          Па-першае, рашэнне раённага суда можна было адмяняць па фармальных падставах, бо было дапушчана шмат парушэнняў і недакладнасцяў: у судзе не было ўстаноўлена, што за друкаваная прадукцыя была канфіскавана – улёткі, бюлетэні ці газеты, не была пазначана частка артыкула 17 закона “Аб СМІ”, якую я парушыў. Па-другое, рашэнне судзі Станіслава Леўчанкі з раённага суда супярэчыць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь. То бок, дзяржава не мае права стрымліваць свабоду распаўсюду думак, перакананняй і абмяжоўваць свабоду СМІ ў тым ліку і разнастайнымі ўнутрыдзяржаўнымі нарматыўнымі дакумнетамі, - гаворыць Ігар Барысаў.

Намеснік старшыні БСДП адзначае, што калі наглядная скарга на імя старшыні Магілёўскага суда не будзе мець станоўчага рашэння, то давядзе справу да Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных нацый.

-          Прэцэдэнты з нагоды таго, што раней у Беларусі канфіскоўваліся незалежныя выданні ўжо былі, і ёсць два рашэнні КПЧ ААН па гэтай праблеме – гэта справы Мілінкевіча і Кацоры, а таксама Карнеенкі. КПЧ ААН пастанавіў, што ў гэтых выпадках былі парушаны іх правы. Адметна тое, што суддзя Мікалай Гладкі адмовіўся агучваць вынікі гэтых справаў падчас судовага пасяджэння, негледзячы на тое, што я двойчы прасіў яго гэта зрабіць.

Нагадаем, што 16 ліпеня аўтамабіль Ігара Барысава, які рухаўся з боку Мінска, у 0-20 быў прыпынены інспектарамі ДАІ ў прыгарадзе Магілёва. ДАІшнікі праверылі дакументы, пасля чаго паведамілі, што на аўтамабіль атрымана арыенціроўка, што нібыта на ім здзейснена хуліганцтва, і для разбіральніцтва неабходна праехаць у РАУС. У Магілёўскім РАУСе аўтамабіль актывіста быў дагледжаны і канфіскаваны наклады двух незалежных выданняў. Пасля складання пратаколаў апытання і дагляду аўтамабіля, а таксама канфіскацыі выданняў сацыял-дэмакрата адпусцілі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства