Бяроза: прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня” (фота)
Надвячоркам 21 верасня больш за 20 неабыякавых да літаратуры, грамадскага жыцця і асобы самаго аўтара кнігі жыхароў Бярозаўшчыны прыйшлі на сустрэчу з Паўлам Севярынцам.
Павел Севярынец распавёў пра людзей, якія былі яго сукамернікамі, адбывалі разам пакаранне ў спецкамендатуры № 7 вёскі Купліна, наведвалі яго там, сустракаліся на прымусовай працы, вернікаў цэркваў, сяброў і аднадумцаў – герояў яго “Беларускай глыбіні”. Не абмінуў Севярынец гісторыю Пружаншчыны ды і наогул Брэстчыны, што выклікала асаблівую цікавасць да яго кнігі.
Прыйшоўшых на сустрэчу цікавілі не толькі факты знаходжання былога палітвязня на “хіміі”. Людзі жадалі паслухаць меркаванні палітыка Севярынца пра тое, што рабіць далей, каб жыццё беларусаў змянілася да лепшага, людзі цікавіліся яго поглядамі на падзеі ва Ўкраіне, а таксамазвярталі ўвагу на мясцовыя праблемы і раіліся адносна метадаў іх вырашэння.
У канцы сустрэчы жадаючыя маглі атрымаць “Беларускую глыбіню” з аўтографам аўтара. Людзі бралі па некалькі кніг: для сябе і тых, хто хацеў кнігу пачытаць і мець у сваёй бібліятэцы.
Прэзентацыя прайшла вельмі цікава. Кожны з прысутных атрымаў дасціпныя і зразумелыя адказы на свае пытанні.
Павел Севярынец – былы палітвязень, які адбыў тры гады “хіміі”за ўдзел у пратэстнай акцыі супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнтскіх выбараў 2010 года.