Гомель: міліцыя зацікавілася расцяжкай на даху дома Кастуся Жукоўскага
22 верасня да прыватнага дома грамадскага актывіста Кастуся Жукоўскага прыехалі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС Гомеля. Яны настойліва прапаноўвалі гаспадару дома выйсці да іх з мэтай «гутаркі». Днямі на даху свайго дома Кастусь Жукоўскі змясціў вялікую расцяжку з надпісам: «Піліпец сядзіць, а справа яго жыве. Патрабую выканання указа №58 Прэзідэнта. Стоп карупцыя!». Імаверна, што менавіта гэтая расцяжка і зацікавіла міліцыянераў. Але актывіст адмаўляецца ісці на нейкую «гутарку» з супрацоўнікамі РАУС. Бо ў канцы жніўня, калі ён сам выклікаў ДАІ для таго, каб яны зафіксавалі правапарушэнне, яго самога забралі ў аддзел, а потым у ІЧУ. Пазней на судзе актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Справа была ў тым, што грузавыя аўтамабілі з суседняй будоўлі заблакіравалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд іх вадзіцелі не рэагавалі. На выклік разам з супрацоўнікамі ДАІ прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія потым і затрымалі актывіста, паставіўшы яму ў віну «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» (арт. 23.4 КаАП).
Актывіст лічыць, што затрыманне было спланаванай акцыяй з мэтай правучыць яго. «Каля майго дома чатыры гады вядзецца будоўля, прычым са шматлікімі парушэннямі. Я шматразова пісаў скаргі ў розныя інстанцыі на парушэнні заканадаўства. Вось забудоўшчык — «ЦэнтрЛізінг» — і вырашыў мяне правучыць з дапамогай міліцыі», — лічыць Кастусь Жукоўскі.
Скаргі ў шматлікія інстанцыі не прынеслі плёну, таму ён, каб звярнуць увагу на праблему будаўніцтва, з, магчыма, карупцыйным складнікам, размясціў на даху дома расцяжку (ФОТА).
Больш пяці гадоў ААТ «ЦэнтрЛізінг» вядзе будаўніцтва дзесяціпавярховага дома на вуліцах Кніжная і Тэльмана ў Гомелі. «І больш пяці гадоў наша маёмасць практычна арыштавана – мы не маем права прадаць яе, прапісаць сваякоў, нешта пабудаваць на тэрыторыі свайго двара. Бо ёсць рашэнне аб зносе, і яно гэта ўсё забараняе. Кожныя два гады рашэнне аб зносе працягваюць, а жыхарам дамоў, якія трапілі пад знос, забудоўшчык высылае чарговыя варыянты перасялення, але далей прапаноў справа не рухаецца! Жыхары пагаджаюцца на прапанаваны варыянт - праходзіць час і ААТ «ЦэнтрЛізінг» прапануе новы варыянт, і так бясконца. Па указу прэзідэнта №58, нас павінны былі рассяліць, але мясцовым чыноўнікам і фірмам указ прэзідэнта, відаць – не указ», - пракаментаваў Кастусь Жукоўскі.
Ён звяртае ўвагу на чарговае парушэнне з боку забудоўшчыка: нейкім «чароўным» чынам з плана новабудоўлі знік гараж, які знаходзіцца на падворку дома № 10 па вуліцы Кніжнай. Магчыма, ў адпаведнасці з супрацьпажарнымі нормамі, наяўнасць гаража не дазваляе увод у эксплуатацыю новага шматпавярховага дома, таму ён і «знік» з афіцыйных дакументаў.
Фота: spasemstranu.com