БАЖ устрымаецца ад удзелу ў маскоўскай канферэнцыі EFJ
Праўленне ГА “БАЖ” прыняло рашэнне ўстрымацца ад удзелу ў канферэнцыі Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ), якая пройдзе ў лістападзе ў Маскве, на знак салідарнасці з украінскімі калегамі.
“Мы лічым канферэнцыю EFJ галоўнай падзеяй года ў свеце еўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеннем гэтай канферэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэнню этычных і прафесійных стандартаў журналістыкі”, - гаворыцца ў адкрытым лісце БАЖ ад 16 верасня.
Прыняцце заявы ГА «БАЖ» пракаментавала старшыня арганізацыі Жанна Літвіна:
- Падзеі, звязаныя з расійска-украінскім канфліктам, і асабліва іх асвятленне, прымушаюць па-новаму паглядзець на прафесію. З такім узроўнем інфармацыйнай агрэсіі мы яшчэ не сутыкаліся. Падчас асвятлення падзеяў расійскія СМІ маніпулявалі інфармацыяй, фота, відэа, дэманструючы поўную безадказнасць і бяздумнасць, парушаючы ўсе прынцыпы нашай прафесіі. Чаго толькі вартыя асвятленне Першым расійскім каналам дня прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне і дэзінфармацыя адносна перамогі кандыдата ад “Правага сектару”... Гэта і выкарыстанне ў праграме Кісялёва кадраў, адзнятых на Паўночным Каўказе, і выкарыстанне кадраў з мастацкага фільма “Брестская крепость”, які выдаваліся за бамбардаванне Данбаса. На вачах СМІ ператвараліся ў зброю, якая раз’ядае грамадскую свядомасць. Дэзінфармацыя, прапаганда, інфармацыйныя правакацыі – шлях да нянавісці і варожасці. У сённяшняй сітуацыі патрэбны глыбокі аналіз усяго, што адбывалася, аналіз ролі СМІ ў гэтых працэсах. І ёсць вялікая верагоднасць, што на канферэнцыі ў Маскве такая размова не атрымаецца, што само правядзенне канферэнцыі будзе выкарыстанае ў прапагандысцкіх мэтах. Таму сёння як ніколі ўкраінскім журналістам патрэбная падтрымка. І мы сваім рашэннем дэманструем і падтрымку, і салідарнасць з нашымі калегамі.
Прэс-служба арганізацыі нагадвае, што 14 верасня прадстаўнікі Асацыяцыі польскіх журналістаў, Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны і Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны заклікалі сябраў EFJ не праводзіць у Маскве кангрэсу.Акрамя ГА “БАЖ”, які прадстаўляе Беларусь у EFJ, пра няўдзел у маскоўскім форуме па стане на 17 верасня абвесцілі Грузія, Венгрыя, Люксембург, Славенія, Украіна і Фарэрскія выспы. Кіраўнік EFJ Могенс Бліхер-Б’ерэгард заклікаў сябраў арганізацыі паважаць як рашэнне тых, хто ўдзельнічае ў маскоўскім форуме, так і рашэнне тых, хто вырашыў адмовіцца.