Магілёўскі аблвыканкам парушае тэрміны разгляду калектыўных зваротаў грамадзян
Напрыканцы жніўня старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік на паседжанні аблвыканкама заявіў, што з 1 верасня ў Магілёўскай вобласці будуць скарочаны тэрміны разгляду калектыўных зваротаў грамадзян з 15 дзён, якія вызначаны згодна Закону РБ “Аб працы са зваротамі грамадзян”, да сямі. Было прынята адпаведнае рашэнне Магілёўскага аблвыканкама ад 25.08.2014 года, пра што паведамілі газета “Магілёўскія ведамасці” і інтэрнэт-сайт Магілёўскага аблвыканкама.
Між тым, сам Магілёўскі аблвыканкам не выконвае не толькі гэта сваё ўласнае рашэнне, а і Закон “Аб працы са зваротамі грамадзян”. У сярэдзіне жніўня гэтага года больш за дзвесце жыхароў Крычаўскага раёна падпісалі і накіравалі калектыўны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім прасілі аказаць садзеянне ў хутчэйшым уводзе ў эксплуатацыю хірургічнага корпуса Крычаўскай ЦРБ і накласці спагнанні на чыноўнікаў, якія вінаватыя ў зацягванні тэрмінаў будаўніцтва.
Яшчэ 23 жніўня гэты зварот быў перанакіраваны з Адміністрацыі прэзідэнта для рэагавання і прыняцця мераў на адрас Магілёўскага аблвыканкама. Пятнаццаць дзён, адведзеныя на падрыхтоўку адказу жыхарам Крычаўскага раёна ў адпаведнасці з законам, даўно прайшлі. Між тым, па стане на 18 верасня жыхары Крычава, у парушэнне Закона “Аб працы са зваротамі грамадзянам”, адказу на свой калектыўны зварот з Магілёўскага аблвыканкама так і не атрымалі.
Па інфармацыі журналістаў крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад”, магілёўскія чыноўнікі проста не ведаюць, што ж адказаць жыхарам Крычаўскага раёна, бо сродкі, якія мэтава выдаткоўваліся на будаўніцтва хірургічнага корпуса Крычаўскай бальніцы, ужо патрачаны на іншыя мэты.
Па словах журналістаў “Вольнага горада”, згодна зацверджанаму праекту, тэрмінам сканчэння будаўніцтва хірургічнага корпуса бальніцы павінен быў стаць канец кастрычніка 2014 года. Аднак з-за бюракратычных правалочак, звязаных з адсутнасцю своечасовага фінансавання будаўніцтва аб’екта ў поўным аб’ёме, будаўніцтва хірургічнага корпуса ЦРБ ператварылася ў чарговы даўгабуд. Больш таго, журналісты “Вольнага горада” кажуць пра тое, што ў вельмі занядбалым стане знаходзіцца і галоўны корпус Крычаўскай ЦРБ, які быў пабудаваны больш за пяцьдзесят гадоў таму. Аварыйны стан будынкаў Крычаўскай ЦРБ вельмі хвалюе жыхароў Крычаўскага раёна, асабліва ў святле нядаўняга абрушэння значнай часткі Крычаўскай гімназіі, якое толькі па шчаслівай выпадковасці не прывяло да чалавечых ахвяр.
Аднак чыноўнікаў з Магілёўскага аблвыканкама, якія самі прынялі папулісцкае рашэнне аб адказе на калектыўныя звароты ў сямідзённы тэрмін, меркаванне простых людзей з Крычава не хвалюе, а на іх калектыўны зварот яны не могуць хоць нешта адказаць ужо амаль месяц.