viasna on patreon

У Бабруйску сёння будуць судзіць незалежную журналістку

2014 2014-09-18T14:45:29+0300 2014-09-18T14:45:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malchanava-maryna-babrujsk.jpg

Справу супраць сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Марыны Малчанавай перадалі ў суд. Журналістку вінавацяць у працы без акрэдытацыі на замежныя СМІ.

Карэспандэнтку “Бобруйского курьера” Марыну Малчанаву абвінавачваюць у парушэнні артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу – незаконным вырабе альбо распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Бабруйская міліцыя ставіць у віну журналістцы яе публікацыю ў жніўні 2014 года на сайце тэлеканала “Белсат”.

4 верасня на Марыну Малчанаву быў складзены адміністрацыйны пратакол. Прычым паход журналісткі ў мясцовае УУС у той дзень скончыўся канфліктам. Як распавяла карэспандэнтка, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько спачатку дазволіў ёй рабіць выпіскі з матэрыялаў справы, а потым стаў выхопліваць іх з рук, адбіраць зробленыя ёю выпіскі з ужываннем фізічнай сілы.

Судовае пасяджэнне ў Бабруйску прызначана на сёння, 18 верасня а 15:00.

Нагадаем, што складанне адміністрацыйных пратаколаў супраць журналістаў, якія нібыта працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ, набывае характар сапраўднай кампаніі.

Так цягам лета і пачатку восені ўжо супраць сямі беларускіх журналістаў міліцыяй былі распачатыя адміністрацыйныя справы за нібыта парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ – працу без акрэдытацыі.

У той жа час усе міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч пачас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства