viasna on patreon

Беларускія НДА накіравалі ў ААН свой даклад у рамках працэдуры УПА

2014 2014-09-18T11:17:11+0300 2015-05-06T11:04:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/united_nations1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўлены ў офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека даклад змяшчае агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Адзначыўшы пэўныя крокі па выкананні рэкамендацый, дадзеных па выніках першага цыкла УПА і прынятых Беларуссю, праваабаронцы выказалі заклапочанасць адсутнасцю рэальнага прагрэсу па ключавых праблемных сферах з правамі чалавека ў краіне.

Даклад падрыхтаваны наступнымі арганізацыямі: РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт"ПЦ "Вясна"ПУ «Цэнтр прававой трансфармацыі», Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі, РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», РГА "Прававая ініцыятыва", Камітэт "Салідарнасць", Ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне», Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскага.

Універсальны перыядычны агляд (УПА), які ў дадзены момант праходзіць Беларусь, - гэта дастаткова новы (дзейнічае з 2006 года) механізм Савета па правах чалавека, што ацэньвае ступень, у якой кожная з 192 дзяржаў-членаў ААН выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па правах чалавека. УПА закліканы паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека «на месцах», спрыяць выкананню абавязацельстваў дзяржавы ў галіне правоў чалавека і ўмацоўваць патэнцыял дзяржавы ў справе абароны правоў чалавека. Сітуацыя з правамі чалавека ў кожнай дзяржаве разглядаецца раз у пяць гадоў.

Агляд робіцца на аснове трох ключавых дакументаў.

Першы з іх - інфармацыя, падрыхтаваная адпаведнай дзяржавай. У нацыянальны даклад ўваходзяць звесткі аб нарматыўных і інстытуцыйных рамках абароны правоў чалавека, звесткі аб выкананні міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, нацыянальнага заканадаўства і добраахвотных абавязацельстваў, нацыянальныя прыярытэты і ініцыятывы для пераадолення праблем і паляпшэння становішча з выкананнем правоў чалавека; чаканні дзяржавы з пункту гледжання нарошчвання патэнцыялу і просьбы аб тэхнічнай дапамозе.

Другі - падрыхтаваная Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падборка інфармацыі, якая змяшчаецца ў дакладах дагаворных органаў, спецыяльных працэдур і іншых адпаведных органаў ААН.

Трэці - рэзюмэ дадатковай «вартай даверу і надзейнай інфармацыі», прадстаўленай іншымі зацікаўленымі бакамі, напрыклад, НДА, нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі, прафсаюзамі, рэлігійнымі групамі. Дадзенае рэзюмэ таксама складае Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека.

Першы цыкл УПА Беларусь прайшла ў 2010 годзе. Да гэтага этапу беларускія НДА таксама рыхтавалі даклад у офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, быў прадстаўлены дзяржаўны даклад, праводзіліся кансультацыі паміж праваабаронцамі і прадстаўнікамі МЗС.

Па выніках першага цыкла УПА міжнародная супольнасць накіравала Беларусі 93 рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, 55 з іх былі падтрыманы краінай адразу (у маі 2010 года). У верасні 2010 года яшчэ 2 рэкамендацыі былі прызнаныя прымальнымі, 1 рэкамендацыя - часткова прымальнай, 15 рэкамендацый абвешчаныя рэалізаванымі, 1 - такой, што знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі, і 19 рэкамендацый прызнаныя непрымальнымі.

Вясной 2014 беларускія НДА падрыхтавалі даклад пра ход выканання гэтых рэкамендацый. Па ініцыятыве МЗС і Прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Мінску па гэтай жа тэме прайшлі нацыянальныя кансультацыі з удзелам прадстаўнікоў заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў.

Другі цыкл УПА намечаны на травень 2015 года. Беларусь павінна прадэманстраваць прагрэс у галіне сітуацыі з правамі чалавека з улікам рэкамендацый, прынятых ёю ў ходзе першага цыклу. Менавіта напярэдадні гэтага агляду НДА накіравалі свой ​​даклад у офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.

Даклад дзяржавы павінен быць пададзены да 19 студзеня 2015 года.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства