У Магілёве чыноўнікі перашкаджалі патрапіць на прыём да кіраўніка вобласці
Пётр Руднік падчас прыёму грамадзян у Магілёўскім райвыканкаме на месцы вырашыў пытанне вяскоўцаў, якія прыйшлі да яго са сваёй праблемай і адмяніў адміністрацыйную справу за ўтрыманне свіней.
Таксама Руднік паведаміў, што цяпер дазваляецца ўтрымліваць свінней не ў 5-кіламетровай, а ў 1-кіламетровай зоне ад свінакомплексаў пры ўмове адпавядання ўсім санітарна-гігіенічным патрабаванням.
Такім рашэннем жыхар вёскі Палыкавічы Андрэй Ліпецкі і жыхар вёскі Сумарокава Віктар Гаўруцікаў Магілёўскага раёна ўсцешаны і спадзяюцца, што цяпер іх сельскаму бізнесу па гадаванні свінней чыноўнікі замінаць не будуць.
Тым часам вяскоўцы адзначаюць, што патрапіць на прыём да магілёўскага “губернатара” было вельмі складана – чыноўнікі райвыканкама хітравалі і перанакіроўвалі з кабінета ў кабінет, кажучы што то прыёма не будзе, то яшчэ што, але толькі тады, калі вяскоўцы дасталі мясцовую газету і паказалі грайфік прыёма Пятра Рудніка, чыноўнікі рэціраваліся.
Аднак пастанову аб спыненні адміністрацыйнай справы, якая была заведзена на маці Андрэя Ліпецкага, дагэтуль узяць не атрымалася - чыноўнікі зноўку хітруюць.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель падрыхтаваў ліст у Магілёўскі райвыканкам з просьбай выдаць гэтую пастанову на рукі.
Нагадаем, што пасля таго, як сям’я Ліпецкіх адмовілася знішчыць сваіх свіней у сувязі з успышкай афрыканскай чумы свінней у Магілёўскім раёне на іх завялі адміністрацыйную справу.