Турэмная цэнзура канфіскавала ліст Статкевіча да бацькі
Цэнзары магілёўскай турмы, дзе трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, канфіскавалі ягоны ліст да бацькі, Віктара Статкевіча. Гэта адбылося ўпершыню за амаль 4 гады зьняволеньня палітязьня, адзначае жонка Статкевіча Марына Адамовіч.
«Яшчэ піша, што розныя дробныя прыдзіркі пачасьціліся. Магчыма, праз тое, што турэмны тэрмін ужо вялікі, ці якая іншая прычына — можна што заўгодна меркаваць».
12 верасьня Мікалая Статкевіча ў турме наведаў адвакат, паведаміла Марына Адамовіч.
Днямі на сайце Мікалая Статкевіча зьявіліся зьвесткі пра яшчэ адзін білборд салідарнасьці з палітвязьнем, які быў разьмешчаны ў Польшчы блізу польска-беларускай мяжы. На білбордзе — выява Мікалая Статкевіча за кратамі і надпіс «Свабоду!»
Гэту акцыю правялі сябры грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязьням», у якую ўваходзяць сябры ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, родныя былых і сёньняшніх палітвязьняў, неабыякавыя людзі.
Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі, які дагэтуль, са сьнежня 2010 году, знаходзіцца за кратамі. Сядзець у вязьніцы Статкевічу, паводле прысуду, яшчэ 2 гады і 3 месяцы. Палітвязень адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні, паколькі лічыць сябе невінаватым і асуджаным паводле палітычных прычын.