У Магілёве па факту знікнення грамадскага актывіста Аляксандра Шачанка заведзена крымінальная справа
Пра гэта паведаміў праваабаронца Барыс Бухель, які падтрымлівае кантакт са следчымі. Апошні раз Аляксандра Шачанка бачылі 27 жніўня, калі ён выходзіў з будынка Быхаўскага раённага суда. 29 жніўня яго пачалі шукаць родныя, і калі яго знайсці самастойна не атрымалася – звярнуліся ў міліцыю.
Аляксандр Шачанок вядомы тым, што на працягу некалькіх гадоў змагаўся з быхаўскімі міліцыянтамі, якія не жадалі добрасумленна выконваць сваю справу. У выніку адзін з іх быў звольнены, некаторыя атрымалі як вымовы, так і дэпрэміраванне.
У Шачанка быў бытавы канфлікт з суседам, які неаднаразова пагражаў яму фізічнай расправай. На думку праваабаронцы Барыса Бухеля, яго пагрозы маглі стаць дзеяннямі.
У сувязі са знікненнем Аляксандра Шачанка ў Магілёве ўжо былі дапытаны некалькі грамадскіх актывістаў. З іх узялі тдумачэнні аб стасунках, у якіх яны знаходзіліся са зніклым быхаўчанінам.
Па сваіх поглядах актывіст сімпатызаваў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе). На апошніх выбарах ён збіраў подпісы ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Леаніда Падбярэцкага.