viasna on patreon

"Адбываецца адзяржаўленне грамадскай дзейнасці"

2014 2014-09-12T14:43:43+0300 2014-09-12T14:48:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gefter.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Гефтэр. Фота: ruvr.ru

Праваабаронца Валянцін Гефтэр. Фота: ruvr.ru

На фоне разгорнутай па ўсіх франтах атакі на "замежных агентаў" з ліку праваабарончых НКА, якіх дзяржава душыць мільённымі штрафамі, прэзідэнт Пуцін вырашыў выдаваць праваабаронцам мільённыя прэміі. Як бы гэтая прэмія не прыдушыла іх у абдымках.

Праект указа Прэзідэнта РФ пра зацвярджэнне новых штогадовых прэмій за дасягненні ў праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці Мінюст прадставіў 3 верасня. У адпаведнасці з дакументам, штогадовая дзяржпрэмія ў памеры 2,5 мільёнаў рублёў "за выдатныя дасягненні ў праваабарончай дзейнасці" будзе ўручацца за дзейнасць, "скіраваную на абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, а таксама ўмацаванне і развіццё інстытутаў грамадзянскай супольнасці".

Кандыдатаў у лаўрэаты прэзідэнту будзе прапаноўваць зацверджаная прэзідэнцкай адміністрацыяй грамадская камісія. Сваіх прэтэндэнтаў на ўзнагароду змогуць прапаноўваць розныя інстытуты грамадзянскай супольнасці, некамерцыйныя арганізацыі і звычайныя грамадзяне, але гэтыя прапановы ўсё адно будуць праходзіць праз фільтр названай грамадскай камісіі, якая праз таемнае галасаванне будзе вырашаць, каго рэкамендаваць прэзідэнту. Чакаецца, што першая прэмія будзе ўручана ў 2015 годзе.

Сярод прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці няма адзінай пазіцыі ў ацэнцы дзяржаўнай праваабарончай прэміі.

Кіраўнік Савета па правах чалавека і развіцці грамадзянскай супольнасці Міхаіл Фядотаў лічыць галоўным, каб з'явіўся "рэальна дзеючы механізм адбору годных кандыдатураў": "Паглядзім, у якім выглядзе ўказ будзе падпісаны прэзідэнтам". Пры гэтым ён запэўніў kommersant.ru, што паставіць праваабаронцаў у залежнасць "нават ГУЛАГ не змог". "Дзейнасць праваабаронцаў неверагодна важная, яе трэба выводзіць на новы ўзровень, - заявіла выданню ўпаўнаважаны па правах чалавека Эла Памфілава.- Спадзяюся, што прэмія не прыдушыць іх у абдымках".  

На думку дырэктара фонду "Грамадскі вердыкт" Наталлі Таўбіной, прэзідэнцкі ўказ наўрад ці зможа сур'ёзна паўплываць на праваабарончую дзейнасць у Расіі, паколькі гэтая дзейнасць грунтуецца непасрэдна на патрэбах грамадзяняў у выкананні правоў чалавека, у незалежнасці ад таго, каго і ў якой ступені прэміявала дзяржава. Аднак, па яе словах, у цяперашні час дзяржава ў значнай ступені абмяжоўвае магчымасці праваабарончых арганізацый у вырашэнні праблем, якія тычацца выканання правоў чалавека. «Усе вядомыя праваабарончыя арганізацыі, якія ўжо зарэкамендавалі сябе на працягу многіх гадоў працы як тыя, што сапраўды дапамагаюць людзям у адстойванні правоў чалавека, прызнаюцца Мінюстам і Пракуратурай замежнымі агентамі з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі, - адзначае праваабаронца ў інтэрв'ю polit.ru, - гэта сур'ёзна ўплывае на іх магчымасці інфармацыйнай працы, на стаўленне да іх з боку грамадства, а таксама чыноўнікаў, з якімі ім неабходна ўзаемадзейнічаць для дасягнення больш спрыяльнага становішча ў галіне абароны правоў чалавека».  

У дырэктара Інстытута правоў чалавека Валянціна Гефтэра да ініцыятывы "дваякае стаўленне". Ён бачыць плюс у прызнанні праваабарончай дзейнасці "правільнай", але лічыць, што "больш прыстойна было б пайсці па шляху стварэння фонду". "Калі б дзяржава зрабіла ўклад, але не мела дачынення да прысуджэння саміх прызоў, - сказаў праваабаронца kommersant.ru. - Але мы, як заўсёды, шукаем простыя рашэнні. Адбываецца адзяржаўленне грамадскай дзейнасці".

У ліпені Уладзімір Пуцін ужо распарадзіўся выдзеліць мільярд рублёў некамерцыйным арганізацыям, якія ўдзельнічаюць "у развіцці грамадзянскай супольнасці і арганізуюць сацыяльна значныя праекты", нагадвае выданне. А ў студзені прэзідэнт падпісваў распараджэнне аб выдзяленні НКА па выніках конкурсаў 2,69 мільярда рублёў у два этапы - да 1 ліпеня і да 3 лістапада. У гэтым месяцы Мінюст апублікаваў для грамадскага абмеркавання праект паправак да ўрадавага палажэння аб "дзяржнаглядзе за дзейнасцю НКА", якое замацоўвае устаноўленыя законам правы ведамства па правядзенні дадатковых пазапланавых праверак і ўключэнні НКА-“замежных агентаў” у спецыяльны рэестр без рашэння суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства