Праваабаронца Паплаўны выкрыў галоўнага суддзю вобласці ў хлусні
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля паўгода адмаўляе праваабаронцу Анатолю Паплаўнаму ў азнаямленні з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, якая закранае яго правы. Не дапамагла нават скарга галоўнаму суддзі вобласці - Сяргею Шаўцову, які абвінаваціў праваабаронцу ў тым, што той наогул па дадзеным пытанні ў суд не звяртаўся, хоць апошні мае на руках адпаведную заяву з адзнакай канцылярыі суда аб рэгістрацыі. Нагадаем, былы слесар-інструментальшчык ПУП "Віпра" Анатоль Паплаўны патрабаваў спынення працоўных адносін з-за парушэння працадаўцам яго працоўных правоў. З гэтай мэтай прарабіў вялікую працу па пошуку доказаў, вынікам чаго стала прыцягненне дырэктара прадпрыемства да адміністрацыйнага штрафу з боку Гомельскай абласной управы Дэпартамента дзяржінспекцыі па працы. Па скарзе працадаўцы суд Чыгуначнага раёна Гомеля пастанову інспекцыі па працы адмяніў, аднак пасля па пратэсту пракурора пастанова раённага суда аб адмене штрафу была адменена іншым суддзёй. Адпаведна, адкрыліся новыя абставіны, якія даюць былому работніку прадпрыемства права ініцыяваць пытанне аб пераглядзе справы, па якой яму было адмоўлена ў спыненні працоўнага кантракту па патрабаванні работніка.
Нягледзячы на тое, што яшчэ 22 мая гэтага года праваабаронца зарэгістраваў у канцылярыі суда Чыгуначнага раёна Гомеля пісьмовую заяву аб азнаямленні з матэрыяламі адміністрацыйнай справы ў дачыненні да свайго былога працадаўцы, тым не менш раённы суд яму ў гэтым адмаўляе да сённяшняга дня. Старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў, да якога праваабаронца звярнуўся са скаргай, наогул абвінаваціў яго ў тым, што той у суд не звяртаўся. "Праверыўшы часопіс уваходнай карэспандэнцыі суда Чыгуначнага раёна Гомеля, устаноўлена, што за май 2014 года Вы з пісьмовай заявай у адрас дадзенага суда не звярталіся", - адказаў А.Паплаўнаму галоўны суддзя вобласці.
Маючы на руках пісьмовую заяву з адзнакай канцылярыі суда аб яе рэгістрацыі 22 мая 2014 года зараз праваабаронца апелюе да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы.