Мазыр: праваабаронца абскарджвае ў судзе забарону на пікет
10 верасня ў судзе Мазырскага раёна адбыўся папярэдні разгляд справы па скарзе праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна на рашэнне старшыні Мазырскага райсавета Сяргея Гваздзя і намесніка старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікса Галюка па забароне пікета. Масавае мерапрыемства планавалася правесці 3 жніўня, да Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, які адзначаецца 4 жніўня. Мэта пікета - салідарнасць і падтрымка беларускіх палітычных зняволеных.
Разглядала скаргу суддзя Наталля Асадчая. У пачатку судовага працэсу Уладзімір Целяпун заявіў хадайніцтва, каб судовы працэс вёўся на беларускай мове. Суддзя выслухала меркаванне прадстаўнікоў зацікаўленых асоб і вынесла рашэнне аб вядзенні судовага працэсу на рускай мове. Асноўны аргумент гэтых бакоў, і суда ў тым ліку, што яны не дастаткова валодаюць беларускай мовай, а ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Заяўніку дазволілі выступаць на беларускай мове.
Асноўны матыў Уладзіміра Целяпуна палягаў у тым, што пры разглядзе яго заявы на правядзенне пікету не былі ўлічаны патрабаванні Закона «Аб масавых мерапрыемствах». У вызначэнні масавага мерапрыемства, згодна артыкулу 2, «пікетаванне – публічнае выказванне грамадзянінам альбо групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту».
«Якая публічнасць магчымая на стадыёнах, якія маюць агароджу, і куды людзі прыходзяць па адмысловых абвестках на афішах, аб’явах?» - задаў пытанне праваабаронца. Бо ў Мазыры менавіта стадыён у аддаленым ад цэнтру горада месцы вызначаны як пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Заяўнік лічыць, што адказнымі асобамі былі праігнараваны патрабаванні артыкула 59 Канстытуцыі, а менавіта -- не прынятыя ўсе меры, неабходныя для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
«Уцямнага адказу ад прадстаўнікоў мясцовай улады Сяргея Гваздзя і Фелікса Галюка дабіцца не ўдалося. Магчыма, яны самі на наступным паседжанні патлумачаць сэнс сваіх дзеянняў. Начальнік юрыдычнага аддзела Мазырскага райвыканкама прадставіла пісьмовы водгук на скаргу праваабаронцы. Асноўны аргумент палягае ў тым, што заяўніку было адмоўлена ў канкрэтным месцы правядзення пікета, а не ўвогуле ў правядзенні масавага мерапрыемства», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.
Наступнае паседжанне суда адбудзецца 23 верасня. Магчыма, тады і будзе вынесена рашэнне суда.
«Асноўны вынік гэтага паседжання – беларускія суддзі і супрацоўнікі ўладнай вертыкалі ў межах сваёй кампетэнцыі не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай. Да каго звяртацца па абароне «беларускага свету?», - звяртае ўвагу праваабаронца.
Ён выказаў меркаванне, што вынік разгляду будзе прадказальны.