Баранавічы: праваабаронца Сяргей Гоўша патрабуе змяніць рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах
Праваабаронца Сяргей Гоўша 9 верасня накіраваў старшыні Брэсцкага аблвыканкама скаргу на рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 14.07.2014 года аб забароне пікета 27 ліпеня. У скарзе адзначаецца, што масавае мерапрыемства, прысвечанае гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, было забаронена чыноўнікамі па прычыне таго таму, што заяўнік нібыта не прадставіў своечасова копіі дамоў з гарадскім аддзелам унутраных спраў, паліклінікай і “Спецаўтабазай” па абслугоўванню запланаванага пікету. Сяргей Гоўша інфармуе, што праваабаронцы фактычна за месяц падалі заяву аб правядзенні пікету, а трошкі пазней данеслі і копіі дамоў з гарадскімі дзяржаўнымі структурамі па абслугоўванні мерапрыемства. Грамадскі актывіст патлумачыў, што патрэбен час, каб абысці ўсе неабходныя кабінеты і заключыць такія дамовы, асабліва з ГАУС. Менавіта гарадская міліцыя, канстатуе Сяргей Гоўша, сістэматычна адмаўляецца падпісваць дамовы і наўмысна заўжды зацягвае час. Але заяўнікі, даводзіць праваабаронца, своечасова за 15 дзён да запланаванага пікета прадставілі ў гарвыканкам неабходныя дакументы, і ў гарадской улады не было падстаў, каб забараніць масавае мерапрыемства.
У той жа час, лічыць Сяргей Гоўша, парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў рэгламентуецца не толькі законам, але і Пастановай Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207, якая не патрабуе заключэння дамовы з ГАУС. Згодна гэтай пастановы, выканаўчы камітэт на другі дзень пасля рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства павінен сам прадставіць копію заявы ў праваахоўныя органы, што якраз у Баранавічах не выконваецца. Таму Сяргей Гоўша просіць Брэсцкі аблвыканкам:
1. Адмяніць рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 14.07.2014г. аб забароне пікета 27.07.2014г., якое парушае артыкул 35 Канстытуцыі РБ і Закон РБ ад 30 снежня 1997 г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”;
2. Абавязаць Баранавіцкі гарвыканкам унесці змены ў “Рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама № 1497 ад 16.06.2009г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Баранавічы” у сувязі з прыняццем Пастановы Савета Міністраў РБ ад 05.03.2012г. № 207 і не парушаць ў далейшым правы заяўнікаў масавых мерапрыемстваў.