Рыгор Кастусёў скардзіцца на шклоўскіх чыноўнікаў у пракуратуру
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 7 верасня накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка. У сваёй скарзе Рыгор Кастусёў, які стала пражывае ў Шклове, просіць пракурора Магілёўскай вобласці прыняць меры да парушальнікаў беларускага заканадаўства ў пытаннях працы са зваротамі грамадзян супрацоўнікамі Шклоўскага райвыканкама.
Нагадаем, што ў парушэнне закона аб зваротах грамадзян шклоўскія чыноўнікі не давалі Рыгору Кастусёву абгрунтаваныя адказы на яго звароты ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Ліст аб разглядзе яго прапаноў з Шклоўскага райвыканкама даслалі толькі пасля зваротаў спадара Кастусёва ў пракуратуру Шклоўскага раёна і Магілёўскі аблвыканкам.
Па словах Рыгора Кастусёва, ён звярнуўся са скаргай да пракурора Магілёўскай вобласці з мэтай недапушчэння ў далейшым падобных парушэнняў беларускага заканадаўства з боку чыноўнікаў Шклоўскага райвыканкама, якія падобным чынам рэагуюць і на звароты іншых грамадзян.
“Яшчэ 25 красавіка 2014 года я звярнуўся да старшыні Шклоўскага райвыканкаму А.Бойка ад імя грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі Магістрат” з шэрагам прапановаў:
-аб размяшчэнні на будынку шклоўскай ратушы шыльды з інфармацыяй аб наданні гораду ў 16 стагоддзі Магдэбургскага права,
-аб ініцыятыве Шклоўскага райвыканкаму перад кіраўніцтвам краіны па стварэнні на тэрыторыі Шклова свабоднай эканамічнай зоны.
Разам са зваротам старшыні райвыканкаму былі перададзены прапановы і напрацоўкі па рэфармаванні эканомікі Шклоўскага раёна.
Але адказу на працягу месяца я так і не атрымаў.
16 чэрвеня 2014 года я паўторна звярнуўся да старшыні райвыканкаму Бойка, але зноўку ніякага адказу з райвыканкаму не паступіла.
11 жніўня 2014 года з падобным лістом я вымушаны быў звярнуцца да старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Пятра Рудніка, а таксама са скаргай на бяздзеянне чыноўнікаў да пракурора Шклоўскага раёна Дзмітрыя Лянчэўскага.
І толькі пасля гэтага напрыканцы жніўня я нарэшце атрымаў ліст са Шклоўскага райвыканкаму за №127-1 ад 22.08.2014г.
Са дня майго першага звароту прайшло чатыры месяцы, што з’яўляецца грубейшым парушэннем беларускага заканадаўства. Ды і канкрэтны адказ у гэтым лісце адсутнічае. А прапановы па рэфармаванні эканомікі раёна нават не разглядаліся.
У той жа час, нягледзечы на вялікія фінансавыя ўліванні з дзяржаўнага бюджэту з мэтай развіцця прадпрыемстваў раёна, эканамічны стан Шклоўшчыны ў апошнія гады пагаршаецца.
На ўсю краіну гучаць рэгулярныя карупцыйныя скандалы з удзелам чыноўнікаў Шклоўскага райвыканкаму і кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў раёна”, - кажа Рыгор Кастусёў.